У Беларусі адчуваецца недахоп спецыялістаў у сельскай гаспадарцы



Гэта прызнаюць афіцыйна. Генпракурор Андрэй Швед прызнаў недахоп кваліфікаваных спецыялістаў у сельскай гаспадарцы Беларусі. Кадравыя праблемы і ў дзяржаўнай ветэрынарнай службе. Швед удзельнічаў у Ельску ў Гомельскай вобласці ў пасяджэнні “абласной каардынацыйнай нарады па барацьбе з злачыннасцю і карупцыяй”. Разглядалася сітуацыя з падзяжом буйной рагатай жывёлы. Па словах генпракурора, утойваць інфармацыю пра гэтую праблему “сталі менш”. Ён палохаў судом тых, хто па-ранейшаму займаецца фальсіфікацыяй справаздач.

На нарадзе заявілі, што сітуацыя з падзяжом жывёлы ў Ельскім, Добрушскім, Лельчыцкім, Светлагорскім, Рэчыцкім і Мазырскім раёнах пагоршылася. І ў шэрагу выпадкаў яна наўпрост звязана з адсутнасцю ці недахопам добрых спецыялістаў. Сельгаспрадпрыемствам патрабуюцца заатэхнікі, ветэрынары. Працу ж ветэрынарнай службы Андрэй Швед моцна крытыкаваў, бо ў яе раённых станцый “нізкая эфектыўнасць кантрольных функцый”.

У Шаркаўшчыне зноў прадаюць старую панскую сядзібу

Камітэт “Віцебскаблмаёмасць” на найбліжэйшыя два месяцы выставіў на аўкцыёны каля 170 лотаў. Сярод іх пяць гісторыка-культурных аб’ектаў. Адзін з такіх лотаў — былая сядзіба Федаровічаў у гарадскім пасёлку Шаркаўшчына, якую прапануюць купіць за 25,9 тысячы рублёў, піша БелТА.

Дом пабудавалі яшчэ ў пачатку XX стагоддзя. Да 2012-га будынак выкарыстоўвалі пад тэрапеўтычнае аддзяленне раённай бальніцы. Наступныя пяць гадоў ён стаяў пусты, а ў 2017-м упершыню аказаўся на аўкцыёне.

У 2019-м годзе сядзібу набыла жыхарка Наваполацка, але давесці яе да ладу ў жанчыны не атрымалася. Урэшце будынак вярнулі ў дзяржаўную ўласнасць і цяпер прадаюць за паўцаны.

Еўракамісія выдзеліла Украіне 1, 5 млрд еўра

Еўракамісія выдзеліла Украіне чарговы транш макрафінансавай дапамогі ў памеры 1,5 млрд еўра. Пра гэта паведаміла старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен.

“Мы падтрымліваем дзяржаўныя паслугі і інфраструктуру Украіны ў яе адважнай барацьбе за свабоду. Будзе больш – мы прапанавалі стабільную фінансавую падтрымку Украіне да 2027 года. Мы працуем на доўгатэрміновую перспектыву”, – заявіла фон дэр Ляен.

Дыскусіі ў Польшчы наконт планаў павышэння мінімальнага заробку

Польскае эканамічнае таварыства выступае супраць прапанаванага ўрадам радыкальнага павышэння мінімальнага заробку з 2024 года. Наступствы такога рашэння будуць негатыўнымі для ўсяго рынку працы, а значыць, для эканомікі і дзяржаўнага бюджэту. Акрамя таго, яны стануць моцным фактарам павелічэння і без таго значнай інфляцыі, перасцерагаюць эксперты.

Нагадваем, 13 чэрвеня 2023 года падчас прэс-канферэнцыі ўрад прадставіў прапанову аб павышэнні мінімальнай заработнай платы ў 2024 годзе. Згодна з гэтай прапановай, з 1 студзеня 2024 года мінімальная заработная плата павінна складаць 4 242 злотых (амаль 955,5 еўра) з улікам падаткаў і збораў у месяц, а з 1 ліпеня 2024 года – 4300 злотых (амаль 968,5 еўра).

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота мае ілюстрацыйны характар.