Беларусь не можа збыць малочную прадукцыю на 400 мільёнаў даляраў
Беларусь не знаходзіць рынкаў збыту для малочнай прадукцыі. На складах такой прадукцыі ляжыць амаль на 400 мільёнаў даляраў.
Пра гэта на нарадзе ў Лукашэнкі паведаміў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, перадае БЕЛТА. Малочныя запасы на складах ён патлумачыў найперш цэнавым фактарам на знешніх рынках, а таксама ростам прадукцыйнасці на галоўным рынку — у Расеі.
Галоўчанка спадзяецца на іншыя рынкі: „Але спецыялісты кажуць, што гэта не трагічна, з’ява часовая: цана на кітайскім і наогул на азіяцкім рынку пачала расці”. Лукашэнка ў адказ параіў шукаць іншыя рынкі і прапанаваў Зімбабвэ, куды нядаўна ездзіў віцэ-прэм’ер Леанід Заяц. Па словах намесніка прэм’ера, жыхары Зімбабвэ спажываюць у год 8 кг малака на чалавека, а беларусы — 350 кг.