Анджэй Галіцкі: Атрымаў петыцыю, якую падпісалі 17-ць беларускіх арганізацый
„Дае нейкія надзеі, але ці вырашыць пытанне?”. Такія меркаванні выказалі ўдзельнікі сустрэчы з Анджэем Галіцкім, намеснікам старшыні Камісіі па грамадзянскіх свабодах, справядлівасці і ўнутраных справах Еўрапарламента і дэпутатам польскага Сойму Робертам Тышкевічам. Сустрэча адбылася 22 чэрвеня ў Бельску Падляшскім. Абмяркоўвалася пытанне беларускай адукацыі, у тым ліку захаванне статусу беларускай мовы ў бельскім і гайнаўскім беларускіх ліцэях.
Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці, школ і мясцовага самакіравання прадставілі свой пункт гледжання.
Еўрадэпутат Анджэй Галіцкі паабяцаў заступіцца за захавання статусу беларускай мовы ў бельскім і гайнаўскім беларускіх ліцэях і прадставіць пытанне ў Еўрапарламенце:
– Атрымаў петыцыю, якую падпісалі 17-ць беларускіх арганізацый, якія прадстаўляюць беларускую меншасць у Польшчы. Напэўна не памятаю такога аднагалосна падтрыманага дакументу гэтым асяроддзем. Датычыць адукацыі, датычыць функцыянавання ліцэяў. Горача падтрымліваю і апелюю, каб просьба была выслухана, маю на ўвазе Міністэрства нацыянальнай адукацыі і кураторыяў. Таксама апелюю да самаўрадаўцаў, каб яны ўзялі пад увагу гэты голас. Нацыянальная ідэнтычнасць, а адукацыя з’яўляецца яго элементам. Яна вельмі важная для функцыянавання не толькі меншасці, але і грамадзян, якія хочуць культываваць і ўзмацняць сваю ідэнтычнасць. Урад абвязаны зрабіць усё, каб умовы былі як найлепшымі, яны дакладна не могуць пагаршацца. Калі ёсць рэгрэс, то па-першае, могуць умяшацца рознага кшталту еўрапейскія ўстановы, бо мы падпарадкоўваемся еўрапейскаму праву. Калі ідзе пра польскі пункт гледжання, то калі самі апелюем да нашых суседзяў, напрыклад літоўцаў, каб не пагаршалі, а палепшылі сітуацыю ў адукацыі, калі ідзе пра польскае школьніцтва ў Літве, то самі не можам рабіць таго ж. Ідзе пра раўнапраўе і адэкватныя дзеянні ў тым ліку ў нас на Падляшшы.
22-га чэрвеня прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы накіравалі заяву ў справе беларускай адукацыі ў школах з дадатковым навучанне м беларускай мове ў Бельску Падляшскім і Гайнаўцы да Камісіі па правах чалавека Еўрапейскага Парламенту. Яе падпісалі 17-ць беларускіх арганізацый у Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя