Сасновіч завяршыла выступы ў Берліне



Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч завяршыла выступы на турніры катэгорыі WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 780 тысяч даляраў. У матчы за выхад у чвэрцьфінал беларуска, якая займае 70-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла ў дзвюх партыях восьмай ракетцы планеты грэчаскай тэнісістцы Марыі Сакары – 2:6, 1:6. Раней Арына Сабаленка прайграла расіянцы Вераніцы Кудэрметавай – 2:6, 6:7 (2:7).

Чаму няма VAR? Францыя абыграла Італію

У румынскім горадзе Клуж-Напока прайшоў матч 1-га тура маладзёэнага чэмпіяната Еўропы па футболе U-21 паміж зборнымі Францыі U-21 і Італіі U-21. На 23-й хвіліне француз Арно Калімуэнда забіў гол-шэдэўр пяткай, у стылі шведа Златана Ібрагімавіча. Італьянцы неўзабаве адыграліся пасля ўдару галавой П’етра Пелегры. Пераможным стаў удар Брэдлі Барколы ў другім тайме пасля грубай памылкі абароны італьянцаў 2:1. Італьянцы былі блізкія, каб зраўняць лік, у іх было тры супермоманты ў канцы гульні. У французаў абаронца Лоік Бадэ быў выдалены за фол апошняй надзеі. У адным з эпізодаў суддзя не залічыў узяцце брамы   італьянцамі, хаця, здаецца, мяч перасек лінію. Аднак на гэтых спаборніцтвах VAR не выкарыстоўваецца.

У іншых матчах дня ў групе С зборная Германіі згуляла ўнічыю з Ізраілем – 1:1. Ангельцы абыгралі Чэхію – 2:0. У групе D маладзёжная зборная Нарвегіі прайграла Швейцарыі з лікам 1:2.

Гол Кендыша прынёс віленскаму «Жальгірысу» перамогу

У матчы 19-га тура чэмпіянату Літвы віленскі «Жальгірыс» на выездзе перамог «Джугас» 2:1. У складзе гасцей беларускі паўабаронца Юрый Кендыш вызначыўся голам. У гэтым сезоне футбаліст правёў 13 матчаў, забіў 4 мячы, аддаў 3 галявыя перадачы. Каманда беларуса займае другое месца і адстае на тры балы ад «Паневежыса».

«Ліверпуль» рыхтуе прапанову на 40 млн еўра за Кьезу

«Баварыя», «Чэлсі», «ПСЖ» і «Ліверпуль» цікавяцца вінгерам «Ювентуса» Федэрыка Кьезай. Турынцы гатовыя выслухаць прапановы і папярэдне ацэньваюць гульца ў 60 мільёнаў еўра. Цяпер найбольш зацікаўленым клубам зʼяўляецца «Ліверпуль», які рыхтуе прапанову на 40 мільёнаў еўра. Раней паведамлялася, што адносіны паміж Кьезай і «Ювентусам» канчаткова сапсаваліся з-за перамоў па новым кантракце. Італьянец прасіў падняць яму заробак да 8 мільёнаў еўра за сезон. Турынцы лічаць гэты запыт занадта высокім, улічваючы доўгую адсутнасць 25-гадовага футбаліста з-за траўмы крыжападобных звязкаў у мінулым сезоне.

Маеўскі ўвайшоў у трэнерскі штаб «Цэле»

Экс-паўабаронца зборнай Беларусі Іван Маеўскі ўвайшоў у трэнерскі штаб «Цэле». Пра гэта ў інтэрв’ю youtube-каналу «Красава» распавёў расiйскі футбаліст Рыгор Марозаў. Галоўным трэнерам каманды з’яўляецца экс-трэнер мiнскага «Дынама» Раман Піліпчук. Раней 35-гадовы Маеўскі выступаў у камандзе ў якасці гульца. У мінулым сезоне ён правёў 2 матчы і забіў 1 мяч.

Баскетбалісткі Венгрыі і Бельгіі прабіліся ў паўфінал ЧЕ

У Любляне вызначыліся ўдзельнікі паўфінальнай стадыі жаночага чэмпіянату Еўропы па баскетболе. У стартавым чвэрцьфінале баскетбалісткі Венгрыі з мінімальнай перавагай у ліку адолелі каманду Чэхіі – 62:61. У паядынку за выхад у фінал венгеркі сустрэнуцца з іспанкамі, якія адолелі немак 67:42. Яшчэ ў адным чвэрцьфінальным матчы баскебалісткі зборнай Бельгіі нечакана разграмілі пераможцаў папярэдняга кантынентальнага першынства сербак з розніцай у 40 ачкоў – 93:53. Супернік бельгіек па паўфінале – зборная Францыі, якая разграміла Чарнагорыю 89:46.

Беларускае Радыё Рацыя