Кісляк: Каардынацыйная Рада адкрыта для любых актывістаў
У працы Каардынацыйнай Рады прымае ўдзел больш за сотню беларускіх актывістаў з розных краін свету.
Прадстаўнік беларусаў Аджарыі ў Каардынацыйнай Радзе, праваабаронца Раман Кісляк распавядае пра тое, што апошнім часам адбылося ў працы гэтага органа:
-Былыя палітвязні хацелі ўвайсці вялікай групай, як ад арганізацыі, так і ў індывідуальным парадку. Але дэлегаты прагаласавалі супраць. Я галасаваў “за”. Яны не набралі, вельмі высокі парог, дзве траціны не набралі неабходнай колькасці галасоў. Ёсць другія заяўкі, таксама будуць разглядацца ў бліжэйшы час, таму я спадзяюся, што актыўныя людзі далучацца да працы КР.
Аднак па словах Рамана Кісляка, ў працы Каардынацыйнай Рады можа прыняць удзел кожны беларускі актывіст:
-Нават не з’яўляючыся дэлегатам КР можна прымаць удзел. У працоўныя групы могуць уваходзіць недэлегаты. Створана такая адмысловая форма, яна вельмі жывая, актыўная, свабодная. Можна па накірунках дзейнасці, па падрыхтоўцы мерапрыемстваў, па важных аспектах работы па вызваленні Беларусі, вызваленні палітвязняў. Могуць далучацца і беларусы, якія не з’яўляюцца дэлегатамі КР.
Праваабаронца Раман Кісляк ужо два гады жыве і працуе ў Сакартвэла, бо быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля ператрусаў і заведзенай на яго крымінальнай справы.
Беларускае Радыё Рацыя