У новы пакет санкцый ЕЗ трапілі два беларускія чыноўнікі
У 11-м пакеце санкцый супраць Расеі ЕЗ увёў персанальныя абмежаванні супраць 87 чалавек. Сярод іх выявіліся і беларусы.
У санкцыйны спіс уключаны старшыня Дзяржкамваенпрама Беларусі Дзмітрый Пантус. У рашэнні ЕЗ тлумачыцца, што гэтае ведамства забяспечвае вытворчасць зброі для расійскіх Узброеных сіл на падпарадкаваных яму прадпрыемствах. На сваёй пасадзе Пантус аказвае ваенную падтрымку Расіі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
Таксама ў „чорны спіс” трапіў і начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў. У ЕЗ падкрэсліваюць, што ён падтрымлівае транспартаванне расійскага ваеннага персаналу і грузаў.
Пераважна ж у спіс увайшлі грамадзяне Расеі, у тым ліку чыноўнікі, датычныя да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.