Агляд прэсы: заплаціць па рахунках



Турэмнае зняволенне Насты Лойкі – чарговы след рэпрэсій у Беларусі. Як накіраваць расейскія актывы на аднаўленне Украіны? Грэцыя зноў заклікае грамадзян галасаваць. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Крымінальны пераслед і асуджэнне вядомай праваабаронцы Насты Лойкі да сямі гадоў пазбаўлення волі з’яўляецца яшчэ адной ілюстрацыяй сістэматычных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і крытычных галасоў, якія раздаюцца ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года», – цытуе камісара Рады Еўропы па правах чалавека еўрапейскае выданне Council of Europe.

«Гэты прысуд, заснаваны на абвінавачаннях, якія не заслугоўваюць даверу, з’яўляецца апошнім крокам у працяглым пераследзе Насты Лойкі з боку ўладаў, уключаючы яе неаднаразовае затрыманне, пераслед яе адвакатаў і роспуск вядомай праваабарончай НДА Human Constanta, дзе яна займала кіруючую пасаду на працягу многіх гадоў. Рэпрэсіі ў дачыненні да правоў чалавека ў Беларусі працягваюць паглыбляцца, супраць грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, юрыстаў, незалежных журналістаў і антываенных актывістаў. Як і многія іншыя ахвяры рэпрэсій у Беларусі, Наста Лойка ніколі не павінна была быць прыцягнута да адказнасці і зняволена за сваю законную праваабарончую дзейнасць. Рада Еўропы заклікала ўласных краін-чальцоў салідарнічаць з беларускімі праваабаронцамі і грамадзянскай супольнасцю ды падтрымаць іх», – паведамляе еўрапейскае выданне.

Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен выступае за тое, каб накіраваць замарожаныя расейскія актывы на аднаўленне Украіны. Падобная ідэя ўжо вылучалася ў 2022 годзе. «Плануецца яшчэ да летніх канікулаў прадставіць план аб тым, як можна прыцягнуць Расію да адказнасці фінансава», – заявіла фон дэр Ляен у мінулую сераду. Была б падобная мера разумнай і законнай? Аглядальнікі дзеляцца сваімі меркаваннямі на гэты конт. «Краіны, якія заявілі на канферэнцыі ў Лондане аб сваім намеры выдзеліць сродкі на аднаўленне Украіны, зусім не абавязаны несці гэты груз у адзіночку», – такі каментар брытанскай газеты The Daily Telegraph.

«Згодна з ацэнкамі Сусветнага банка, аднаўленне Украіны абыйдзецца ў суму, якая перавышае 300 мільярдаў фунтаў – каля 350 мільярдаў еўра, і лічбы гэтыя няўхільна растуць з кожным днём, пакуль Расея сваімі ракетамі працягвае знішчаць ўкраінскую інфраструктуру. Паколькі расейскую дзяржаву плаціць за ўсё гэта не прымусіш, то чаму б не задзейнічаць у гэтых мэтах замарожаныя банкаўскія рахункі, канфіскаваныя яхты, вілы і калекцыі твораў мастацтва? Вядома, тут ёсць пэўныя юрыдычныя перашкоды, якімі трэба заняцца і якія неабходна пераадолець. Калі нейкая краіна і павінна аплаціць выдаткі на аднаўленне Украіны, то гэтай краінай павінна быць Расея», – падкрэслівае брытанскае выданне.

У Грэцыі пройдуць чарговыя парламенцкія выбары. Хоць на выбарах, якія прайшлі 21 траўня , перамагла кансерватыўная партыя Новая дэмакратыя пад кіраўніцтвам Кірыякаса Міцатакіса, колькасці атрыманых ёю галасоў недастаткова для атрымання парламенцкай большасці. На перавыбарах будзе дзейнічаць новы закон, паводле якога пераможца атрымае бонус у памеры да 50 дэпутацкіх месцаў. «Калі Міцатакіса абяруць на другі тэрмін, то ўсё пакоціцца ў тартарары», – мяркуе грэчаскі партал News247.

«Для Грэцыі беспрэцэдэнтнай мадэллю «аднапартыйнай дэмакратыі» і «усемагутнасці прэм’ер-міністра» з’яўляецца орбанаўская мадэль. Гэта – мадэль урадавай дэспатыі і дзяржаўнага самавольства, задушлівага кантролю над СМІ і аўтарытарнага падаўлення грамадзянскай супольнасці. За першыя чатыры гады знаходжання Міцатакіса на пасадзе кіраўніка ўрада мы ўжо сталі сведкамі многіх з гэтых феноменаў. Мяркуючы па тым, як развіваюцца падзеі, другі чатырохгадовы тэрмін Міцатакіса будзе азначаць для нас паўтарэнне ўсяго гэтага, але на гэты раз – у куды больш вострай форме. Прывід Орбана лунае над Грэцыяй, але грамадства, падобна, не ўсведамляе небяспекі», – канстатуе грэчаскае выданне.

28 чэрвеня 1969 года прадстаўнікі руху, які мы сёння называем ЛГБТКІ+, упершыню далі дзейсны адпор паліцыі, якая рэгулярна абрушвалася з рэйдамі на бар Стоўнвал-Ін на Крыстафер-стрыт у Нью-Ёрку. Супраціўленне, аказанае паліцыі ў ноч на 28 чэрвеня, паклала пачатак шырокім акцыям пратэсту і дэманстрацыям з патрабаваннем спынення пераследу гей-супольнасці. З таго часу склалася традыцыя правядзення ў чэрвені штогадовых парадаў гонару. Як жа сёння ідуць справы з раўнапраўем ЛГБТКІ+ у Еўропе? «Ужо які раз меншасці выкарыстоўваюцца ў якасці казлоў адпушчэння», – адзначае браціслаўская газета Új Szó.

«Чым горшая эканамічная сітуацыя і агульныя ўмовы жыцця 99 адсоткаў насельніцтва, тым ясней становіцца ва ўладзе палітыкам, алігархам і карпарацыям, што ім трэба шукаць казлоў адпушчэння, каб адцягнуць увагу мас ад сваёй адказнасці за пагаршэнне сітуацыі. І меншасці тут аказваюцца як нельга дарэчы. Паколькі ў чэрвені ў многіх месцах будзе вывешаны вясёлкавы сцяг, ультраправая машынерыя будзе яшчэ больш актыўна абвальвацца з нападкамі на ЛГБТК», – піша славацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя