У Вільні пройдзе акцыя памяці беларусаў-добраахвотнікаў
25-га чэрвеня ў Вільні адбудзецца акцыя памяці загінулых ва Украіне беларусаў-добраахвотнікаў. Акцыя прысвечана першай гадавіне, калі год таму, 26-га чэрвеня 2022 года, адбылася першая вялікая па колькасці загінулых адначасовая страта сярод беларускіх добраахвотнікаў.
Кажа ўдзельнік акцыі, сузаснавальнік Асацыяцыі беларускіх ветэранаў Андрэй Кушняроў:
– Будуць прадстаўнікі Літвы. На сувязь з намі выйшла тэрытарыяльная абарона Літвы, то бок асабіста са мной ужо размаўлялі, каб у Коўне правесці праз нейкі час вечар памяці. Прычым гэта была ініцыятыва літоўскага боку: „А давайце ў нас правядзём падобнае мерапрыемства, паколькі і нашыя байцы ваявалі і ваююць ва Украіне”. Адносіны заўсёды вельмі добрыя былі з літоўцамі. У палку Каліноўскага ёсць некалькі літоўцаў. Літва ў цэлым ставіцца вельмі пазітыўна, я шмат размаўляю з літоўцамі, калі прыязджаю ў Вільню. Іх палітыкі ў тым ліку прыходзяць на мерапрыемствы, самі ініцыююць гэтыя мерапрыемствы. Яны гатовыя аказваць падтрымку рознага кшталту.
Акцыя памяці загінулых ва Украіне беларусаў-добраахвотнікаў пройдзе 25-га чэрвеня, на плошчы В. Кудзірка, у Вільні. Арганізатары запрашаюць ушанаваць памяць камандзіра батальёна „Волат” палка Каліноўскага з пазыўным „Брэст”, а таксама байцоў-беларусаў з пазыўнымі „Сябро”, „Папік”, „Атам”. Яшчэ двое беларусаў – „Клешч” і „Тромблі” – узятыя ў расейскі палон, і іх лёс па сёняшні дзень невядомы. Пачатак а 12-й.
Беларускае Радыё Рацыя