Цырк паехаў
Чарговая яркая інфармацыйная падзея нагадвае шарык, які да мяжы напампавалі паветрам, але слаба завязалі ніткай. А відэа дня – у Растове-на-Доне падчас «перавароту» танк затрымаўся ў браме гарадскога цырка. Бонус – мінус дванаццаць (у розных крыніцах – 15) лётчыкаў, якія не змогуць атакаваць Украіну. І за якіх Прыгожын прызначыў свой кошт: 50 мільёнаў рублёў сям’і кожнага з забітых.
Пры гэтым было гучна заяўлена, што руская кроў не пралілася. А яшчэ два аўтамабілі з цывільнымі, але гэта, так бы мовіць, хібнасць па-руску. Але вынікі падзей 24 чэрвеня ўсяляюць надзею. Галоўнае – падчас няўдалай спробы перавароту бункернага псіхапата здрадзілі салдаты з Паўднёвай ваеннай акругі ў Растове, а некаторыя з акупантаў пакінулі свае пазіцыі на фронце ва Украіне. Напрыклад, з-пад Мар’інкі збеглі „цік-токеры” падраздзялення «Ахмат-Восток».
На два лагеры падзялілася грамадзянскае насельніцтва Растова, што ўжо гаворыць аб адсутнасці татальнай падтрымкі Пуціна. Раскол у самім «Вагнеры»: у поўным складзе звальняюцца баявыя лётчыкі і частка баевікоў. Па сутнасці, цяпер у РФ ні чыноўнік, ні алігарх не могуць адчуваць сябе ў бяспецы – аказалася, што бункерны перастаў валодаць манаполіяй на гвалт у краіне. Цяпер для ваенных экспертаў ёсць новая тэма. Проста неараная ніва: тыя, хто ўчора з разумнымі тварамі заяўлялі аб пачатку канца Пуціна, сёння з яшчэ разумнейшымі будуць абмяркоўваць, чаму гэты канец не наступіў.
Усё, як заўсёды – няма надзей, няма і расчараванняў. Проста крыху сумна праз тое, што цырк паехаў.
Ліза Ахроменка