Баскетбалісткі Бельгіі ўпершыню сталі чэмпіёнкамі Еўропы



Баскетбалісткі зборнай Бельгіі ўпершыню ў гісторыі сталі чэмпіёнкамі Еўропы. У вырашальным паядынку 39-га жаночага кантынентальнага першынства бельгійкі перамаглі ў Любляне суперніц з Іспаніі з лікам 64:58. Іспанкі лічыліся фаварыткамі і пасля трэцяй чвэрці былі наперадзе – 48:43, але давесці сустрэчу да перамогі не здолелі.

Бронзавыя ўзнагароды заваявалі францужанкі, якія абыгралі ў матчы за трэцяе месца каманду Венгрыі з лікам 82:68.

Футбалісты „Смаргоні” нечакана перамаглі менскае „Дынама”

Футбалісты „Смаргоні” нечакана абыгралі аднаго з галоўных фаварытаў чэмпіянату Беларусі менскае „Дынама”.

Сустрэча ў Смаргоні прайшла з перавагай менчан, аднак іх памылкі ў абароне дапамаглі гаспадарам выйграць з лікам 3:1. У першым тайме Марк Красноў вывеў „Смаргонь” наперад, потым Уладзімір Хвашчынскі зраўняў лік, а перад самым перапынкам паўабаронца гасцей Аляксандр Свірэпа зрэзаў мяч у сваю браму. У другой палове падначаленыя Вадзіма Скрыпчанкі не толькі не змаглі адыграцца, але і прапусцілі недарэчны гол. На 72-й хвіліне гульні 20-гадовы паўабаронца Мацвей Дукса з цэнтра поля прабіў у бок брамы дынамаўцаў, і галкіпер Дзяніс Шпакоўскі не змог адбіць мяч.

У Бабруйску футбалісты „Менска” святкалі вікторыю над „Белшынай” – 2:1. Тур завершыўся гульнёй на полі „Барысаў-Арэны” паміж БАТЭ і  „Нафтанам”. Перамогу навапалачанам на 81-й хвіліне прынес гол Кірыла Кірыленкі – 2:1.

Харваты пацярпелі другую паразу на маладзёжным ЧЕ па футболе

Футбалісты Харватыі пацярпелі другую паразу на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы (U-21), які праходзіць на палях Грузіі і Румыніі.

У сваім другім паядынку папярэдняй групы В харваты, якія з’яўляюцца супернікамі беларусаў у новым адборавым цыкле, прайгралі камандзе Іспаніі – 0:1. На старце турніру харвацкія футбалісты саступілі ўкраінцам з лікам 0:2. Украінская „маладзёжка” ў другім туры здабыла другую вікторыю, адолеўшы румынскіх аднагодкаў – 1:0. Украінцы і іспанцы датэрмінова забяспечылі сабе выхад у плэй-оф.

Яшчэ адзін апанент беларусаў каманда Партугаліі пасля сенсацыйнай паразы ад грузінскай дружыны 0:2 згуляла ўнічыю са зборнай Нідэрландаў – 1:1. Грузіны ў другім матчы групы А пасля першага тайма саступалі бельгійцам 0:2, але здолелі сысці ад паразы, завяршыўшы сустрэчу ўнічыю – 2:2.

Сасновіч прайграла на турніры WTA у Германіі

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч прайграла на старце турніру катэгорыі WTA-250 у нямецкім Бад-Хомбургу з прызавым фондам 259 тысяч даляраў. У паядынку першага раунда адзіночнага разраду беларуска, якая займае 70-е месца ў сусветным рэйтынгу, усяго за гадзіну саступіла прадстаўніцы Іспаніі Рэбеке Масаравай, у якой 67-я пазіцыя, – 3:6, 2:6.

„Будаўнік” выйграў Кубак Беларусі па хакеі на траве

Берасцейскі „Будаўнік” стаў уладальнікам Кубка Беларусі па хакеі на траве. У заключным паядынку кубкавага розыгрышу ў Баранавічах берасцейцы ўпэўнена перайгралі спартоўцаў ХК „Менск” з сухім лікам 3:0. У першы дзень спаборніцтваў „Будаўнік” перамог расейскую каманду СПб-УАР-2 – 4:3, а потым саступіў „Гомелю” 5:6. Такім чынам, берасцейская дружына ў гэтым сезоне зрабіла залаты дубль, выйграўшы чэмпіянат і кубак краіны.

Беларускае Радыё Рацыя