Тэма дня: Ці будзе працяг «Вагнер-шоу»?



Прысуд «вагнераўцу» Прыгожыну пакінулі ў сіле, ён застаецца здраднікам. А палітычна арыентаваная супольнасць у інтэрнэце множыць версіі пра магчымасць развіцця падзеяў у выпадку калі Прыгожына выпусцяць за расейска-беларускую мяжу.

Як толькі прэс-сакратар Пуціна Пяскоў абвесціў пра магчымасць прыбыцця мяцежніка Прыгожына ў Беларусь, афіцыйная Польшча заявіла пра ўзмацненне сваёй мяжы з Беларуссю. Следам падобную неабходнасць дэкларавала Літва.

Відавочна, што Прыгожына на тэрыторыі Беларусі ўявілі разам са сваёй бандай галаварэзаў, натрэніраваных на забойствы ў краінах Афрыкі і Блізкага Усходу. А цяпер і ва Украіне. Маўляў, чаму б ім з тэрыторыі, падкантрольнай Лукашэнку, не рабіць вылазкі з мэтай правакацый у Польшчы ці Літве?

«Ідэя «запрасіць» у Беларусь Прыгожына, які можа прыехаць са сваімі камрадамі, наўрад ці сустрэне ў нас разуменне», – мяркуе сацыёлаг Генадзь Коршунаў.

На момант падрыхтоўкі гэтага матар’ялу не было вядома дзе наагул Прыгожын, і ці ён жывы.

Хтосьці з палітычных аглядальнікаў мяркуе, што Прыгожына выпусцяць праз Беларусь у Афрыку. Хтосьці – што такі ці інакш заб’юць, можа і ў самой Афрыцы, а можа дзе бліжэй.

Мы жывем у спрэсаваны час палітычных падзеяў.

Пра магчымасць канфлікту Расеі з Захадам праз пасярэдніцтва Лукашэнкі гаварылася не раз і да «Вагнер-шоу», якое мы назіралі 23-24 чэрвеня.

Працытую палітычнага аналітыка Юрыя Фельштынскага, які выказаўся літаральна за некалькі гадзін перад тым, як Прыгожын пачаў свой паход на Растоў-на-Доне: «Паколькі нам цяпер дэклараваная магчымасць ядзернага ўдару з тэрыторыі Беларусі, я лічу, што для выратавання Еўропы, для заканчэння вайны NATO абавязанае ўваходзіць у Беларусь, каб пазбавіць Расею плацдарму для нападу. Трэба зрынаць Лукашэнку. Тым больш, што ён не абраны прэзідэнт. Ёсць урад у выгнанні, ёсць усе кампаненты, каб Беларусь стала дэмакратычнай дзяржавай».

Сваю думку па Беларусі Юры Фельштынскі завяршае тым, што на базе добраахвотнікаў з Беларусі ды іншых краін можа сфармаваць дастатковую сілу, каб разам з натаўскімі войскамі пазбавіць свет ядзернай пагрозы з тэрыторыі Беларусі.

Такі вось адказ шантажыстам Пуціну і Лукашэнку, якія гуляюць у палітычны покер, падвышаючы стаўкі ў спадзеве, што праціўнік пасане – кіне карты першым.

На колькі фантастычным уяўляецца дзейнасць «вагнераўцаў» у Беларусі, на столькі ж нечаканым можа быць паварот сюжэту ў выпадку правакацый з боку Крамля праз тэрыторыю Беларусі на адрас NATO.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя