Агляд прэсы: Што гэта было?
Перарваны мяцеж вагнераўцаў і Беларусь. Грэцыя: як расцэньваць перамогу Міцатакіса? Суддзі і пракуроры страйкуюць у Румыніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Можна сказаць, што ў выніку «маршу справядлівасці» Прыгожын адназначна прайграў. Шайгу застаўся на сваёй пасадзе, Герасімаў – відаць, таксама. «Не надта ганаровая ссылка ў Беларусь – гэта відавочна не тое, пра што марыў дзёрзкі кухар. Тым больш што тамака таксама не будзе гарантый захавання жыцця. Тое прыніжэнне, якое Пуцін адчуў 24 чэрвеня, ён Прыгожыну ніколі не даруе», – канстатуе расейскае незалежнае выданне graniru.
«Бегчы Прыгожыну, акрамя Беларусі, па сутнасці няма куды. Ён усюды пад санкцыямі і будзе арыштаваны. З’ехаць у Кітай ці Венесуэлу Прыгожын наўрад ці захоча, ды і не факт, што гэтыя краіны яго прымуць. ПВК зараз напэўна будзе расфармаваная: у лепшым выпадку вагнераўцаў размяркуюць па частках рэгулярнай арміі. Хаця менавіта такая перспектыва ў выпадку адмовы падпісаць 1-га ліпеня кантракт з Мінабаронай падштурхнула Прыгожына да рашучых дзеянняў. Але і Пуціна ў дадзенай сітуацыі нельга назваць пераможцам. Мяцеж падаўлены ў выніку закулісных дамоўленасцей, а не рашучых дзеянняў. Верхавод мецяжу адпушчаны ў Беларусь, і справу супраць яго і ягоных падначаленых, узбуджаную пад тэлекамеры ў прысутнасці Пуціна, паабяцалі спыніць. Пуцін паказаў бяссілле расейскіх сілавых структур, не здольных прадухіліць паход на Маскву некалькіх тысяч узброеных людзей. За межамі Расеі Пуціна ўсё больш будуць успрымаць як «кульгавую качку».
Нарэшце, мяцеж Прыгожына паказаў крайнюю ўразлівасць Масквы з паўднёвага накірунку, і ВСУ напэўна ўлічаць гэта ў сваіх планах. І калі Рускі добраахвотніцкі корпус і легіён «Свабода Расіі» павялічацца ў колькасці хаця б да брыгад, нельга выключыць іх уварвання ў РФ дзе-небудзь у Белгарадскай або Курскай вобласці», – прагназуе расейскае незалежнае выданне.
***
Заблытаная сітуацыя ў Расеі: ПВК Вагнер, якая да гэтага ваявала разам з рэгулярным расейскім войскам супраць Украіны , нечакана разгарнулася на Маскву: яе правадыр Прыгожын раптам абвясціў пра тое, што пачынае «марш справядлівасці» на сталіцу. Пуцін загаварыў пра здраду і немінучае пакаранне – і праз некалькі гадзін вагнераўцы паход на Маскву спынілі. Па словах Крамля, Прыгожыну пакаранне не пагражае. Аглядальнікі спрабуюць разабрацца ў тым, што адбываецца. «Мяцеж вагнераўцаў можа адзначыць сабой змену вех у Расеі», – мяркуе капенгагенская газета Politiken.
«Нават калі яму ўдалося адціснуць Прыгожына, Пуцін гэтымі днямі пацярпеў вырашальнае паражэнне, бо бунт вагнераўцаў не толькі прадэманстраваў, што ў Пуціна няма кантролю над уласнымі войскамі. Ён стаў яшчэ і следствам таго, што Украіна і заходняя ваенная машынерыя пераўзыходзяць Расею. У гэтым кантэксце нельга не ўспомніць пра тое, як Першая сусветная вайна прывяла да звяржэння цара-бацюшкі, і пра тое, як уварванне ў Аўганістан стала пачаткам канца Савецкага Саюза. І няхай свет аднойчы будзе ўспамінаць пра тое, як вайна ва Украіне прывяла да звяржэння Пуціна», – піша дацкае выданне.
***
Па выніках падліку амаль усіх галасоў на паўторных парламенцкіх выбарах у Грэцыі пераканаўчую перамогу атрымала ліберальна-кансерватыўная партыя Новая дэмакратыя пад кіраўніцтвам дзейнага прэм’ер-міністра Кірыякаса Міцатакіса. За партыю Міцатакіса прагаласавалі 40,5 працэнты выбаршчыкаў. На другое месца, атрымаўшы 17,8 працэнта галасоў, выйшла левая партыя СІРЫЗА, якую ўзначальвае былы прэм’ер-міністр Алексіс Цыпрас. Грэчаскія СМІ занепакоеныя поспехам некалькіх невялікіх ультраправых партый, на долю якіх у сукупнасці прыйшлося амаль 13 працэнтаў галасоў. Як адзначае нямецкі партал tagesschau.de, у наяўнасці пэўная тэндэнцыя.
«Дзеля стабільнасці людзі гатовыя паступіцца тымі ці іншымі свабодамі і асноватворнымі правамі. Людзі заплюшчваюць вочы на палітычныя скандалы , канцэнтрацыю ўлады ў адных руках, стаўленне да свабоды прэсы і абыходжанне з апошняй, а таксама на практыку выправаджэння мігрантаў. На першым месцы аказваецца нацыя, і такая тэндэнцыя назіраецца ў Еўропе ўсё часцей. Але да ўсяго таго Грэцыя – па ўласнай, дарэчы, віне! – на працягу вельмі доўгага часу знаходзілася пад строгім назіраннем Еўразвяза. І часткай нацыянальнага гонару тут з’яўляецца той факт, што краіна змагла пераадолець пазыковы крызіс, і такі ніколі не павінен здарыцца надалей. Менавіта таму большасць і галасуе за Міцатакіса – эканаміста з міжнароднымі дыпломамі ў кішэні», – падкрэслівае нямецкае выданне.
***
Услед за настаўнікамі неафіцыйную забастоўку ў Румыніі аб’явілі суддзі і пракуроры. На працу не вышлі 3000 працаўнікоў юстыцыі. Падставай для такога кроку паслужыў законапраект, які будзе абмяркоўвацца на гэтым тыдні ў парламенце і які прадугледжвае паступовае павышэнне пенсійнага ўзросту для работнікаў судовай сістэмы, а таксама скарачэнне пенсійных выплат. Да сённяшняга дня яны маглі выходзіць на пенсію пасля 25 гадоў службы. Ці правамерны пратэст? «Страйк настаўнікаў успрымаўся ў грамадстве зусім інакш», – піша румынскі партал Spotmedia.
«Пасля трох дзесяцігоддзяў дэмакратыі румынская супольнасць пасталела – і ўжо разумее, што адбываецца. Гэта – галоўная прычына, па якой настаўнікі ў Румыніі сустрэлі гэтак аднадушнае адабрэнне сярод насельніцтва. Грамадзяне палічылі, што ўрады адзін за адным падманвалі гэтых працаўнікоў, і што сістэма адукацыі была хранічна недафінансаваная. У выпадку ж чыноўнікаў, занятых у судовай уладзе, падтрымка з боку грамадства адсутнічае зусім. Людзі, хутчэй, незадаволеныя тым, што следчыя па справах аб карупцыі «склалі зброю», тым, што занадта шмат рашэнняў было прынята на карысць прывілеяваных чыноўнікаў, а таксама тым, што ўзровень злачыннасці расце, а суды працуюць абы як», – піша румынскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.