Аксана Данілава: Не хацелася б, каб з боку Беларусі зноў быў нейкі наступ
Перамяшчэнне Прыгожына і ягонага войска ў Беларусі — гэта чарговы пункт напружання для Украіны. Не выключаныя спробы правакацый як гэта было на пачатку вайны ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы, — у гэтым перакананая ўкраінская настаўніца, экскурсавод Аксана Данілава:
— Я жыву ў горадзе, у якім нарадзілася і працую — у Кіеве, у сталіцы. Жыву на дзявятым паверсе, з якога я ўпершыню пабачыла вайну. Канкрэтна гэты раён вельмі абстрэльваюць, і я працягваю тут жыць. Я працую ў сістэме адукацыі, навучаю дзяцей. Мы нядаўна скончылі навучальны год, і значную частку лекцый ладзілі ў схованцы — то бок у сутарэнні. І падчас знікнення ўсякай мабільнай сувязі, дзеці мелі мажлівасць далучацца да супермаркетаў. Па канцы навучальнага году я цэлы тыдзень прымаю анлайн-экзамены ў дзяцей, што за мяжою — украінскія дзеці маюць унікальны досвед: яны навучаюцца ў іншых краінах, ім дужа прыемна, што ў Еўропе, ЗША, Канадзе цудоўна ведаюць, што адбываецца і вельмі падтрымліваюць украінскіх дзяцей. Адначасна ўкраінскія дзеці мелі мажлівасць навучацца самастойна і цяпер экстэрнам здаюць экзамены.
— Вы кажаце, што жывяце на дзявятым паверсе і вам усё відаць.
— Цяпер я хачу расказаць найбольшую праблему: два ўлучэнні ракет адбыліся недалёка ад майго дому, то бок 30-га траўня практычна ўлучылі ў суседні дом, знішчыўшы кватэры, а літаральна нядаўна тое самае адбывалася побач, у тым раёне, дзе я жыву. Апошнія паверхі вельмі небяспечныя, бо ў іх могуць трапляць абломкі ракеты. Чамусь вельмі моцна ўшкаджаюць высокія дамы — новыя жылыя будынкі, цалкам мажліва, якіх няма на расейскіх мапах, таму, калі гучаць сігналы паветранай трывогі, мы ўсе намагаемся спускацца, або ў метро, — яно недалёка ад мяне, — або ў сховішча, што ў маім доме. Мы ўсе папераджаем адны адных. У мяне, напрыклад, дачка жыве асобна, і калі паветраная трывога сярод начы, то мы ўсе намагаемся будзіць адны адных, бо папраўдзе людзі гінуць, не паспеўшы выйсці са сваіх дамоў, падчас начных абстрэлаў.
— Ці неяк уплывае на сітуацыю ва Украіне ці ў Кіеве мяцеж у Расеі? Ці змяніла гэта штосьці?
— Спачатку мы ўсе мелі ўзнесены настрой, мы багата жартавалі, казалі што мы заўзеем за дзве каманды, нам вельмі хацелася, каб павукі ў слоіку перагрызлі адны адных, хоць мы і разумелі, што гэта нейкая выстава. Мы за гэтым сачылі, хоць у гэты дзень быў чарговы абстрэл Кіеву — кватэры маіх знаёмых ушкодзілі, таму цяпер мы займаемся дапамогаю ім.
— Што цяпер кажуць пра дыслакацыю гэтых войскаў у Беларусі?
— Маё атачэнне вельмі цяжка перажывала праз тое, што напад на Кіеўскую вобласць быў з боку Беларусі, бо пратэсты супраць рэжыму Лукашэнкі Украіна вельмі падтрымлівала, мы прынялі багата маладых беларусаў, што пераехалі ў Кіеў. Таму для нас гэта быў балючы ўдар, што найбольшыя злачынствы ў Кіеўскай вобласці прайшлі цераз беларуска-ўкраінскую мяжу. Таму, вядома, мы вельмі хвалюемся: не хацелася б, каб з боку Беларусі зноў быў нейкі наступ.
Вайна ва Украіне ідзе ўжо 489 дзень. Нягледзячы да мяцеж у Расеі, украінскі контрнаступ паспяхова працягваецца, вызваляюцца новыя тэрыторыі.
Беларускае Радыя Рацыя.