Смех і грэх «Вагнер-шоу» ў Беларусі
Інтэрнэт страсаецца ад смеху. Магчыма, мы назіраем самую масіраваную атаку мемаў на здавалася б такіх важных палітыкаў як Пуцін і Лукашэнка. Якіх нанова звязаў стары крымінальнік і ачольнік самай вялікай расейскай бандыцкай групоўкі Прыгожын – галоўны аб’ект высмейвання. Здаецца, прымаўку «кіно і немцы» ужо варта замяняць на «кіно і «Вагнер».
Шоу маст гоў ўон. Цяпер і ў Менску. Хтосьці на поўным сур’ёзе баіцца прыезду ў Беларусь мяснікоў з «Вагнера», а хтосьці толькі пасміхаецца, аргументуючы свой аптымізм тым, што шахер-махер з Прыгожыным можа выйсці Лукашэнку бокам.
Самай элегантнай версіяй мне падаецца тое, што Лукашэнка хоча ўзяць у «крэдыт» грошай. Бо Прыгожын доларавы мільярдэр.
Самай невераемнай – тое, што Лукашэнка вырашыў атачыць сябе наёмнікамі, бо пачаў не давяраць сваім міліцэйскім чынам. Бо ўсе пабачылі, што Акела, то бок Пуцін, прамахнуўся ў Маскве, а значыць і пад Лукашэнкам трон можа захістацца ў кожны момант.
Пакуль на ўзроўні чутак распаўсюджваецца інфармацыя пра пабудову пад Асіповічамі лагеру на тысячы месцаў для базавання «вагнераўцаў», якія вырашылі пайсці разам з Прыгожыным у Беларусь.
А вось што бліжэй да рэальнасці. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны мяркуе, што мы назіраем гульню зусім не на карысць «вагнераўцаў»: «У 2020 годзе Аляксандр Лукашэнка перадаў Маскве 33 затрыманых у Беларусі вагнераўцаў пасля таго, як выкарыстаў іх у якасці ўплыву на Крэмль. «Няма відавочных прычын, чаму ён не зробіць гэта зноў».
Для Крамля Прыгожын і ягоныя камандас відавочныя здраднікі. Больш за тое, адкрытыя ворагі, якія за суткі прадэманстравалі ўсяму свету, а найперш грамадзянам Расеі, слабасць вярхоўнай улады. Улады, якая амаль чвэрць стагоддзя будавала вобраз аграмаднай моцы маналіту. Такое не даруецца.
Калі ты не вінаваты – навошта зышоў у Беларусь? «Кто захочет, сможет уйти в Белоруссию», – заявіў Пуцін падчас свайго нядаўняга выступу. «Уйти» тут гучыць як крымінальны слэнг. Гэтак злачынцы зыходзяць ад пагоні, ад пераследу.
А ці дадуць самому Прыгожыну «уйти»?
Пакуль мы назіраем дзіўную, імправізаваную гульню ў піяр. Прыгожын заявіў сябе як крутога палкаводца. Пуцін як абаронцу свайго народу. А Лукашэнку раптоўна абламілася пакрасавацца як ратаўніку Расеі.
Толькі наступ ЗСУ хоць павольна, але рушыць. І прыспешвае гэтым самапіяршчыкам бясслаўны канец.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя