Першыя прыкметы беспрацоўя і трывожны стан: што з ІТ у Беларусі



Профільнае выданне dev.by даведалася, як жыве ў Беларусі IT-сфера ва ўмовах рэлакацыі, што не спыняецца з 2020 года і ўзмацнілася з пачаткам вайны ва Украіне. У галіне з’явілася беспрацоўе, чаго не было нават у найгоршыя часы. Калі ў 2017 годзе беспрацоўных было 1,2, то цяпер – 5,2%. “Натуральна, з пункту гледжання іншых сфер гэта яшчэ не ўражвае, аднак для IT-індустрыі, дзе нават у найгоршы час была амаль пагалоўная занятасць, гэта новая рэальнасць”, – адзначаюць суразмоўцы выдання.

Рэлакацыя не спыняецца. Распрацоўшчыкі прадуктаў звычайна цалкам спыняюць бізнес у Беларусі. Амаль палова прадуктовых кампаній указваюць, што беларускага офіса не маюць. Цяпер за мяжою працуюць больш за 41% беларускіх праграмістаў. За апошні час з’ехалі блізу 20 тысяч.

Удзельнікі даследавання прызнаюцца, што працадаўцы цяпер даюць менш бонусаў: як на медыцыну, так і спорт, адукацыйныя курсы і харчаванне.  У будучыню глядзіць з аптымізмам рэкордна мала праграмістаў за ўвесь час назіранняў. 46% працэнтаў лічаць перспектывы туманнымі.

Беларусы будуць меней адпачываць у санаторыі

Адпаведная пастанова з’явілася на Нацыянальным прававым партале. Цяпер людзі, старэйшыя за 18 гадоў будуць аздараўляцца не больш за 15 дзён (раней было 18), дзеці з бацькамі – не больш за 18 дзён (раней быў 21 дзень), а дзеці ў складзе групы – да аднаго месяца, але не менш за 21 дзень.

Праўда, гэтыя правілы пачнуць дзейнічаць толькі з 1 ліпеня 2024 года.

Расейская абутковая кампанія адкрые яшчэ дзве фабрыкі ў Беларусі

Кампанія ПТК “Мадэрам” з Санкт-Пецярбурга, якая спецыялізуецца на выпуску спецыяльнага абутку, у дадатак да чатырох ужо дзейных сваіх фабрык адкрые яшчэ два прадпрыемствы на тэрыторыі Беларусі. Цяпер “у сувязі з пашырэннем геаграфіі вытворчасці і павелічэннем аб’ёмаў замоў” кампанія набірае швачак і іншых супрацоўнікаў, у прыватнасці, на новыя пляцоўкі ў Асіповічах і Клічаве. На гэта звярнуў увагу Office Life. Швачкам — зборшчыкам абутку абяцаюць ад 700 да 1500 рублёў заробку.

“Мадэрам” — адзін з першых і найбуйнейшых расейскіх інвестараў у беларускую лёгкую прамысловасць. Першую фабрыку ў Гомелі кампанія адкрыла ў 2002 годзе. Пазней з’явіліся вытворчасці ў Жлобіне, Бабруйску і Рэчыцы.

Доха, Дубай і Стамбул – на чале спісу самых канкурэнтных рынкаў працы

Даследаванне паказала, што кандыдаты сцякаюцца на Блізкі Усход. Найбольшую колькасць водгукаў на працягу тыдня атрымліваюць вакансіі ў Досе, Дубаі і Стамбуле, піша Bloomberg.

У даследаванні параўналі 130 гарадоў з усяго свету. І выйшла, што ў Досе ў сярэднім за тыдзень на вакансію адклікаецца 399 чалавек, у Дубаі – 283, у Стамбуле – 168.

Эксперты адзначаюць, што высокія паказчыкі Дохі звязаныя з правядзеннем ў краіне чэмпіянату свету па футболе ў 2022 годзе. Ён садзейнічаў развіццю мясцовай эканомікі. У горадзе паўстала шмат новых гасцініц, быў рэканструяваны аэрапорт. Акрамя таго, у Досе і Дубаі няма падаходнага падатку, а гэта прыцягвае шматлікіх працаўнікоў.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: pixabay.com/ru.