Суд у Гаазе атрымаў доказы ваенных злачынстваў Лукашэнкі
Справа супраць Лукашэнкі знаходзіцца ў Міжнародным крымінальным судзе. Падрабязнасці ў нашым эфіры расказаў палітык Павел Латушка, які зараз знаходзіцца ў Гаазе.
Ён перадаў у Міжнародны крымінальны суд доказы ваенных злачынстваў, учыненых Лукашэнкам ды шэрагам іншых чыноўнікаў, як Расеі так і Беларусі. Матэрыялы сведчаць пра ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь.
Кажа Павел Латушка:
-Нам вельмі важна прыцягнуць дыктатара Лукашэнку за злачынствы, якія ён здзяйсняе супраць беларусаў і ўкраінцаў. Сёння мы правялі сустрэчу ў офісе пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў горадзе Гаага. І там мы перадалі дакументы, доказы, матэрыялы, якія сведчаць аб тым, што на сістэматычнай аснове Лукашэнка і шэраг асобаў, такіх як Мезенцаў, Галаваты, Талай, Волкава здзяйсняюць ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый на тэрыторыю Беларусі.
Намі ўстаноўлены факты незаконнага перамяшчэння як мінімум 2 100 дзяцей з 15 гарадоў Украіны, акупаваных сёння Расейскай Федэрацыяй. Звярталі асаблівую ўвагу на дзяцей-сірот. Нам удалося ідэнтыфікаваць як мінімум 16 дзяцей-сірот, якія былі перавезены на тэрыторыю Беларусі. Мы ўсталявалі маршруты, якім шляхам гэта ажыццяўляецца. Таксама мы апісалі асаблівую ролю так званай Саюзнай дзяржавы, кіраўніком якой з’яўляецца Лукашэнка. Сёння мы таксама публікуем шэраг дакументаў. Гэта толькі маленькая частка таго, што мы можам апублікаваць. Але на старонцы НАУ вы можаце знайсці гэтыя дакументы.
-
Фота: скрыншот з відэа t.me/latushka
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка падкрэслівае, што прававая ацэнка перададзеных доказаў знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі Міжнароднага крымінальнага суда і перадача гэтых доказаў суду з’яўляецца важным крокам па прыцягненні да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму і самога Лукашэнкі за ўчыненыя ваенныя злачынствы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя