Штомесяцавая дапамога на дзіця ў Польшчы вырасце да 800 злотых
З новага году ў Польшчы сацыяльную дапамогу на дзіця, то-бок так званую праграму 500+ падвысяць да 800 злотых (у пераліку гэта каля 200 долараў). Польскі ўрад прыняў адпаведную пастанову, якая цяпер будзе накіравана ў Сейм, перадае polskieradio.pl.
Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што гэтая праграма павялічыла адукацыйныя магчымасці дзяцей і ліквідавала беднасць. Палітык адзначыў, што рост грашовай дапамогі перавышае рост інфляцыі за ўсе гады існавання такой падтрымкі. Кіраўнік урада адзначыў, што адпаведныя выдаткі запланаваны ў бюджэце на наступны год і ўсё пералічана добра.
Штомесячныя выплаты атрымаюць прыкладна сем мільёнаў дзяцей. Змена памеру праграмы 500+ на 800+ адбудзецца аўтаматычна, без неабходнасці афармлення дадатковай заяўкі. Адметна, што гэта праграма распаўсюджваецца на ўсіх жыхароў Польшчы, у тым ліку, грамадзян Беларусі і Украіны, якія маюць легальны статус.