Агляд прэсы: Пабачыць небяспеку
ПВК Вагнер: чаму менавіта ў Беларусь? Ультраправае раздарожжа ў Германіі. Палітычны дрэйф Грэцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Па выніках перапыненага маршу на Маскву баевікі ПВК Вагнер атрымалі магчымасць узяць прыклад з свайго правадыра і выехаць у Беларусь, у выпадку, калі яны не жадаюць улівацца ў шэрагі рэгулярнага расейскага войска. Гучаць паведамленні, паводле якіх мяцеж удалося пагасіць пры пасярэдніцтве беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Аглядальнікі пішуць пра тое, чым можа абярнуцца «перадыслакацыя» вагнераўцаў у Беларусь. Як адзначае мадрыдская газета El País, галоўным бенефіцыярам тут стаў Лукашэнка.
«У сэнсе палітычнага нюху яму ў Еўропе няма роўных – такая, несумненна, адна з якасцяў, уласцівых беларускаму палітыку Аляксандру Лукашэнку, палітыку, які валодае ярка выяўленым інстынктам выжывання. І зараз ён зноў бярэ на сябе ролю пасярэдніка, як ён ужо гэта рабіў у мінулым. Сваю зігзагападобную лінію ў палітыцы Лукашэнка праводзіў яшчэ да закручвання гаек пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Тады кіраўнік Беларусі пагадзіўся на ўмовы Крамля, і падтрымаў Маскву падчас яе ўварвання ва Украіну. Цяпер Прыгожын забяспечыў яму новую прастору для манеўру. Паглядзім, ці паступіць зараз баявая сіла вагнераўцаў у распараджэнне менскіх уладаў», – назірае за падзеямі ў Беларусі вядучае гішпанскае выданне.
***
ПВК Вагнер, якая да гэтага ваявала разам з рэгулярным расейскім войскам супраць Украіны, нечакана разгарнулася на Маскву, а ейны правадыр Прыгожын раптам абвясціў пра тое, што пачынае «марш справядлівасці» на сталіцу. Пуцін загаварыў аб здрадзе і немінучым пакаранні, і праз некалькі гадзін вагнераўцы паход на Маскву спынілі. Па словах Крамля, Прыгожыну пакаранне не пагражае. Аглядальнікі пішуць пра тое, як гэтая нечаканая падзея адаб’ецца на сітуацыі ў Расеі і на праходжанні вайны. «Як зараз паводзіць сябе Захаду?» – такім пытаннем задаецца віленская газета Lietuvos rytas.
«Ці павінен ён заставацца ў баку ад канфлікту і, магчыма, нават падтрымаць цяперашні рэжым, выкарыстоўваючы ягоны страх і роспач у сваіх інтарэсах? Ці ж, наадварот, Захаду варта максімальна прасоўваць і заахвочваць усе сілы ўнутры рэжымнага апарата, якія прадстаўляюць рэальны выклік дзейнай уладзе? Правільным быў бы другі варыянт. Аднак для гэтага неабходна максімальна падрабязная інфармацыя пра тое, што насамрэч адбываецца ўнутры рэжыму, і, вядома ж, актыўная палітыка і меры, заснаваныя на гэтай інфармацыі. На жаль, у мінулыя выходныя мы ўбачылі, што і ў Літве, і ў найгалоўных заходніх сталіцах бракуе і таго, і другога», – наракае віленскае выданне.
***
Пераможцам другога тура выбараў на пасаду кіраўніка мясцовай адміністрацыі ў цюрынгскай акрузе Зонэберг стаў кандыдат ад партыі Альтэрнатыва для Германіі Роберт Зэсэльман. У 2022 годзе Ведамствам па ахове канстытуцыі партыя АдГ была ўнесена ў спіс арганізацый, якія падазраюцца ў праваэкстрэмісцкай ідэалогіі. Зэсельман забяспечыў АдГ першую перамогу на муніцыпальных выбарах. За яго прагаласавалі 52,8 працэнты выбаршчыкаў, а кандыдат ад ХДС Юрген Кёпер, за якога заклікалі галасаваць таксама і СДПН, Левыя, Зялёныя і СвДП, атрымаў 47,2 працэнты. «Перад Нямеччынай стаіць няпростая дылема», – лічыць аўстрыйская газета De Standaard.
«Пытанне аб магчымасці супрацоўніцтва з ультраправымі больш не з’яўляецца гіпатэтычным. Ці ўтрымаюцца іншыя палітыкі ад спакусы – ці ж прагматызм атрымае верх? У Нямеччыне разгарэліся дэбаты. Ці стала абранне Зэсэльмана вынікам пратэстнага галасавання супраць непапулярных мераў цяперашніх уладаў, ці яго прыхільнікі згаджаюцца з яго радыкальнымі пазіцыямі, зыходзячы з уласных перакананняў? Адказ тут прынцыпова важны, паколькі ад яго залежыць, якую стратэгію абяруць для супрацьдзеяння ўльтраправым іншыя партыі. Дык чым змагацца з экстрэмісцкімі ідэямі – толькі аргументамі ці, перш за ўсё, іншай палітыкай?», – піша аўстрыйскае выданне.
***
Па выніках падліку амаль усіх галасоў на паўторных парламенцкіх выбарах у Грэцыі пераканаўчую перамогу атрымала ліберальна-кансерватыўная партыя Новая дэмакратыя пад кіраўніцтвам дзейнага прэм’ер-міністра Кірыякаса Міцатакіса. Прэса разважае над тым, што такія вынікі азначаюць для краіны і Еўропы ў цэлым. Аўстрыйская газета Salzburger Nachrichten падкрэслівае стратэгічную значнасць гэтай краіны, размешчанай на паўднёва-ўсходнім флангу НАТА.
«У той час як Турцыя выпрабоўвае цярпенне саюзнікаў сваёй сяброўскай да Расеі палітыкай і блакаваннем пашырэння НАТА на поўнач, Грэцыя стала важным хабам у плане правядзення ваенных аперацый заходняга альянсу ва Усходняй Еўропе і на Чорным моры. У гады крызісу Цыпрас «заляцаўся» да Расеі, Венесуэлы і Кубы. Пры Міцатакісе Грэцыя зноў стала для Захаду партнёрам, якому можна давяраць. Нядзіўна, што ў нядзелю грэкі вырашылі не галасаваць за новыя ўльтралевыя эксперыменты, але аддалі перавагу пераемнасці і стабільнасці», – піша аўстрыйскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.