«Кроў на траве»



У Вільні 27 чэрвеня адбылася прэзентацыя першага дакументальнага фільма опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук. Ён прысвечаны псіхалагічнай траўме беларусаў, трыгерам якой з’яўляецца спалучэнне чырвонага і зялёнага колераў. Дарэчы, і ў сваёй магістарскай працы спявачка даследавала менавіта гэтую тэму.

Як кажа Маргарыта Ляўчук, драматызм у гэтых колерах такі, што аж „дрыжыкі бягуць”:

Мне асабіста пісалі: Маргарыта, немагчыма зараз знаходзіцца ў Беларусі, таму што чырвона-зялёнае паўсюль, і яно нас гвалціць. І мне стала цікавая гэтая тэма, таму што я таксама пасля 2020-га выкарыстоўвала гэтае спалучэнне колераў у «Краснай зелені», калі я спявала. У мяне нават вісяць нейкія зялёныя спадніцы, я іх проста не нашу. Гэта нейкі пратэст такі. І я пачала з нашымі беларусамі пра гэта размаўляць, і ва ўсіх, хто збег ад рэжыму, хто там застаецца ў краіне, у іх ёсць гэтая траўма, яны не могуць выкарыстоўваць гэтае спалучэнне ў сваім адзенні.

У фільме зняліся і былыя палітвязні, для якіх спалучэнне чырвонага і зялёнага колераў суадносяцца са злом, гвалтам, здзекамі і беззаконнем.

Кажа герой фільма, былы палітвязень Андрэй Шляпаў:

– Паміж сабой людзі размаўляюць і кажуць, што гэта вельмі ўплывае на іх жыццё, гэтыя колеры – чырвоны і зялёны. Кажуць, што немагчыма глядзець на іх. Яны проста з’яўляюцца нейкім трыгерам. Маргарыта і яе каманда вельмі правільна зрабілі, што ўзялі гэтую тэму для фільма і зрабілі вельмі вялікую працу.

Напрыканцы фільма прагучала прэм’ера песні Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука „З чаго пачынаецца Радзіма” пра старую і новую, сапраўдную Беларусь, якой хацелі б бачыць яе беларускія патрыёты.

Аматары творчасці Маргарыты змаглі ўбачыць яе ў новым амплуа, а вось паслухаць яе як оперную спявачку змогуць толькі праз некалькі месяцаў. Пажадаем таленавітай спявачцы здароўя і пазітыву.

Цалкам матэрыял:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя