Дзмітрук прайграла ў кваліфікацыі Уімблдонскага турніру
На травяных кортах Уімблдона працягваюцца кваліфікацыйныя матчы трэцяга ў сезоне тэніснага турніру серыі „Вялікага шлема”. У першым раундзе кваліфікацыі жаночых спаборніцтваў беларуска 234-ы нумар сусветнага рэйтынгу Крысціна Дзмітрук прайграла ў дзвюх партыях 165-й ракетцы планеты швейцарскай тэнісістцы Селін Наф – 6:7 (3:7), 0:6.
Раней яшчэ адна беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч саступіла ў трохсэтавым паядынку славачцы Рэбецы Шрамковай – 3:6, 7:5, 5:7. У мужчын беларус Ягор Герасімаў таксама ў трохсэтавым матчы прайграў уругвайцу Пабла Куэвасу – 4:6, 7:6 (10:8), 6:7 (2:10).
Футбалісты Грузіі і Партугаліі прабіліся ў 1/4 фіналу маладзёжнага чэмпіянату Еўропы
На маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па футболе, які праходзіць на арэнах Грузіі і Румыніі, вызначыліся чарговыя ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі. У Тбілісі адны з гаспадароў турніру футбалісты зборнай Грузіі ў апошнім паядынку папярэдняй групы А згулялі ўнічыю з камандай Нідэрландаў – 1:1 і занялі першае месца. Разам з грузінамі ў плэй-оф прабіліся супернікі беларусаў па кваліфікацыі наступнага ЧЕ – партугальцы, якія адолелі футбалістаў Бельгіі 2:1. У Бухарэсце зборная Украіны на апошніх хвілінах упусціла перамогу над Іспаніяй 2:2 – абедзьве каманды загадзя забяспечылі сабе выхад у плэй-оф. У другім матчы ў румынскай сталіцы зборныя Харватыі і Румыніі галоў не забілі і пакідаюць турнір.
Шаранговіч перайшоў у «Калгары» у выніку абмену
25-гадовы беларускі форвард Ягор Шаранговіч стаў гульцом «Калгары». Хакеіст змяніў клуб у выніку абмену з «Нью-Джэрсі». Акрамя Шаранговіча, «Калгары» атрымаў выбар у трэцім раўндзе драфта НХЛ-2023 (80-ы выбар). У зваротным напрамку прайшоў 31-гадовы форвард Тайлер Тафалі. Шаранговіч 1 ліпеня павінен быў стаць абмежавана свабодным агентам пасля завяршэння кантракта. У мінулым сезоне беларус набраў 30 (13+17) балаў у 75 матчах рэгулярнага чэмпіянату НХЛ.
У Італіі забаранілі гульцам насіць футболкі з нумарам 88
У Італіі ў наступным сезоне футбалісты не змогуць выходзіць на поле ў футболках з нумарам 88, паведамляе La Gazzetta dello Sport. Такое рашэнне прыняў урад краіны ў рамках праграмы па барацьбе з антысемітызмам. Лічба 88 выкарыстоўваецца ў якасці нацысцкага прывітання. Упершыню ў італьянскім футболе ў цэнтры скандалу вакол гэтага нумара ў 2000 годзе апынуўся галкіпер «Пармы» Джанлуіджы Буфон. Ён абраў футболку з нумарам 88, аднак пад ціскам грамадскасці змяніў нумар на 77. У мінулым сезоне ў Серыі А чатыры гульцы выступалі пад нумарам 88: Марыа Пашаліч, Тома Башыч, Томас Рынкон і Матэвуш Прашэлік.
Беларускае Радыё Рацыя
