Дуда і Наўседа наведалі Кіеў на Дзень Канстытуцыі (абноўлена)



Анджэй Дуда правёў з Зяленскім перамовы аб бягучай сітуацыі на фронце, у прыватнасці, аб пагрозе расейскага тэракту на Запарожскай АЭС. Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі падрыхтоўку да ліпеньскага саміту НАТА.

Анджэй Дуда выказаўся і пра прысутнасць групы „Вагнера” ў Беларусі – гэта „вельмі значны сігнал, на які, на наш погляд, НАТА абавязкова павінна звярнуць увагу. Узнікаюць пытанні, з якой мэтай гэтыя войскі туды былі перакінутыя. Група вопытных наймітаў заўсёды можа прадстаўляць патэнцыйную небяспеку”, – адзначыў ён.

Гітанас Наўседа таксама сустрэўся з прэзідэнтам Украіны і прыняў удзел у мерапрыемствах з нагоды 27-годдзя прыняцця Канстытуцыі Украіны. Вядома, што ён абмеркаваў з Зяленскім саміт НАТА і членства Украіны ў ЕЗ.

З Кіева Наўседа накіраваўся ў Брусель на саміт лідараў Еўразвяза.

Фота: twitter.com/prezydentpl

* * *

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сёння, 28 чэрвеня, прыехаў у Кіеў для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды Дня Канстытуцыі Украіны. Раней аб прыездзе ва ўкраінскую сталіцу Гітанаса Наўседы паведаміла прэс-служба прэзідэнта Літвы.

Фота: канцылярыя прэзідэнта Польшчы.

Канцылярыя польскага прэзідэнта паінфармавала, што адбудуцца перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Будуць праведзены кансультацыі па сітуацыі на фронце, у тым ліку адносна пагроз для Запарожскай АЭС. Таксама будзе абмяркоўвацца падрыхтоўка да саміту НАТА ў Вільні.