У розыгрышы Кубка Беларусі вызначацца першыя ўдзельнікі 1/8 фіналу
У розыгрышы Кубка Беларусі па футболе сёння адбудуцца першыя паядынкі 1/16 фіналу, у якіх згуляюць удзельнікі кантынентальных турніраў. Уладальнік трафея жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” сустрэнецца на выездзе з футбалістамі „Ліды”. Фіналіст мінулага кубкавага турніру барысаўскі БАТЭ згуляе ў гасцях з „Міёрамі”. Лідар чэмпіянату Беларусі гарадзенскі „Нёман” будзе супернічаць з „Баранавічамі, а яшчэ адзін фаварыт нацыянальнага першынства – менскае „Дынама” згуляе супраць каманды „Жодзіна-Паўднёвае”. Астатнія матчы 1/16 фіналу пройдуць 21 і 22 ліпеня.

Сялява пакідае „Растоў”
Аляксандр Сялява пакідае „Растоў”. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт жоўта-сініх. Каманда не стала працягваць дамову з беларусам. Сялява перайшоў у расійскі клуб з менскага „Дынама” ў студзені 2022 года. Паўабаронца зборнай Беларусі за гэты час правёў за „Растоў” 25 матчаў і вызначыўся адным узяццем брамы.
Вальвердэ хутка зменіць „Рэал” на „Ліверпуль”
Футбаліст мадрыдскага „Рэала” Федэрыка Вальвердэ гэтым летам можа перайсці ў „Ліверпуль”, паведамляе El Nacional. Паводле інфармацыі крыніцы, англійскі клуб гатовы выкласці за уругвайскага футбаліста каля 90 мільёнаў еўра. Кіраўніцтва „Рэала” задавальняе дадзеную прапанову, хоць у мінулым Вальвердэ быў гульцом асноўнага складу каманды.
На бягучы момант 24-гадовы Федэрыка Вальвердэ выйграў усе магчымыя турніры ў складзе мадрыдскага „Рэала”. Усяго правёў за «Рэал» 251 матч і забіў 21 гол. Transfermarkt ацэньвае кошт 24-гадовага хаўбека ў 100 мільёнаў еўра.
Нападнікі Герасімаў і Кухараў далучыліся да мінскага «Юнацтва»
Пасля арэнды ў «Брэсце» ў мінскае «Юнацтва» вярнуліся два хакеісты. Як паведамілі карэспандэнту агенцтва „Мінск-Навіны” ў сталічнай камандзе, пагадненне з клубам тэрмінам на адзін сезон заключылі нападнікі Станіслаў Герасімаў і Аляксей Кухараў.
Герасімаў правёў у складзе „Брэста” ў мінулым сезоне 52 матчы ў рэгулярным чэмпіянаце Беларусі па хакеі і тры паядынкі – у раундзе плэй-ін. Усяго ён зарабіў 17 (6+11) балаў. Кухараў выходзіў на лёд у 46 сустрэчах, падчас якіх набраў 19 (10+9) ачкоў.
Больш за 300 плыўцоў з Беларусі і Расіі выступяць у Брэсце
У Брэсце з 28 чэрвеня па 1 ліпеня пройдзе адкрыты Кубак Беларусі па плаванні. Спаборніцтвы пройдуць у Палацы водных відаў спорту. У 50-метровым басейне за медалі будуць змагацца больш за 300 спартоўцаў з Беларусі і Расіі. Нашу краіну ў тым ліку прадставяць лідэры айчыннага плавання Ілля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко, Анастасія Куляшова. У Берасці выступяць плыўцы нацыянальнай каманды, зборных каманд абласцей і Мінска.
Беларускае Радыё Рацыя
