Агляд прэсы: Шуты і шутэры
Лукашэнка як «вертухай» Прыгожына. Наколькі Пуцін яшчэ кантралюе сітуацыю ў Расеі? Наколькі небяспечная сітуацыя вакол Запарожскай АЭС? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
У сваёй біяграфіі Лукашэнка прыхаваў з нейкіх прычынаў адзін факт сваёй біяграфіі. На працягу двух гадоў ён у свой час служыў вертухаем. «Паколькі Лукашэнка мае звычай фантазіраваць, у нас быў шанец пачуць дзіўную гісторыю пра тое, як яму кланяліся ўсе «злодзеі ў законе». А зараз кланяецца Прыгожын», – гіранізуе расейскае незалежнае выданне Graniru.
«Дык вось, Прыгожына адпраўляюць у Беларусь не на перавыхаванне ў духу Мао Цзэдуна. Яго – разам з палявымі камандзірамі – прама з мецяжу адпраўляюць на «вагнерызацыю» войска найблізкага саюзніка. Лукашэнка так і тлумачыць свайму міністру абароны з прозвішчам, якое гаворыць, як у Гогаля, – Хрэнін: яны нам дапамогуць, яны нам раскажуць, яны нам пакажуць. Не трэба, маўляў, іх баяцца, мы ж «трымаем вуха востра». Гэта, на хвіліначку, кажа чалавек, у якога ад з’яўлення ў краіне 33 вагнераўцаў летам 2020 года кожная валасінка вусоў дрыжала. Ён са страху прыдумаў яшчэ 200, якія гойсаюць па лясах. Аб ураджаі нават Лукашэнка ў той час не мог думаць! А тут раптам вырашыў ці ледзь не цэлае войска ў сябе прыняць. Каб што? Каб расейцы навучылі беларусаў мясным штурмам, пакаранням смерцю кувалдай, як збіваць расейскія самалёты і верталёты, альбо як захапіць Растоў за пару гадзін і дайсці да Масквы за адзін дзень? У цэлым, як гавораць беларусы, «цырк на дроце». Калі б у рэжыма Лукашэнкі не было ядзернага арсенала, то можна было проста парагатаць”, – рэзюмуе расейскае незалежнае выданне.
***
Пасля таго як вагнераўцы згарнулі свой «марш справядлівасці» на Маскву, сітуацыя ў Расеі, судзячы па ўсім, супакоілася. Кіраўнік ЧВК Вагнер Прыгожын схаваўся ў Беларусі. Прэзідэнт РФ Пуцін падзякаваў сілавым ведамствам за тое, што тыя, маўляў, збераглі Расею ад грамадзянскай вайны. Еўрапейская прэса разважае пра тое, наколькі глыбокія расколіны, якія ўтварыліся ў пуцінскай сістэме. «Прыгожын пазбавіў Пуціна арэолу непераможнасці», – такі каментар стамбульскай газеты Milliyet.
«Яму ўдалося знішчыць тую аўру гаранта стабільнасці, якая акружала Пуціна і пры дапамозе якой той і мог утрымліваць сваю аднаасобную ўладу. Гэтую аўру ўдалося знішчыць настолькі, што ў выхадныя сам Пуцін, міністр абароны Шайгу і начальнік Генштаба Герасімаў, а таксама высокапастаўленыя камандзіры і супрацоўнікі спецслужбаў і службаў бяспекі, роўна як і багатая эліта Масквы і алігархі проста злінялі са сталіцы. Ідуць размовы аб тым, што гэтыя людзі больш не бачаць у Пуціне «гаранта стабільнасці краіны», – падкрэслівае турэцкае выданне.
***
З моманту разбурэння плаціны Кахоўскай ГЭС сітуацыя на Запарожскай АЭС стала асабліва трывожнай. У справаздачы МАГАТЭ, апублікаванай 21-га чэрвеня, гаворыцца пра тое, што цяпер даводзіцца прыкладаць значныя намаганні для таго, каб забяспечыць дастатковую колькасць вады для ахаладжэння рэактара. Пагрозу ўяўляюць сабой таксама баі, якія па-ранейшаму ідуць недалёка ад тэрыторыі ЗАЭС, а таксама нестабільнасць энергазабеспячэння і наяўнасць мін. Ва ўкраінскіх СМІ выказваюцца розныя меркаванні пра тое, наколькі вялікая пагроза. «Другой Фукусімы не будзе. Нават у выпадку катастрофы на ЗАЭС зону адчужэння ствараць не давядзецца», – лічыць украінская газета Дзеркало тыщня.
«Такім чынам, самая вялікая рызыка зараз у тым, што расейцы наўрад ці мірна пакінуць ЗАЭС, калі прыйдзе час выносіць ногі. Больш верагодна, яны паспрабуюць узарваць або сухое сховішча, або басейны захоўвання адпрацаванага ядзернага паліва ЗАЭС. У першым выпадку адбудзецца забруджванне навакольнай тэрыторыі, але большая частка радыеактыўных рэчываў застанецца на пляцоўцы сховішча. У другім – будуць у значнай ступені забруджаны ўнутраныя памяшканні ЗАЭС. Зрэшты, за межамі тэрыторыі ЗАЭС радыеактыўнае забруджванне практычна будзе адсутнічаць. Пра якую-небудзь маштабную эвакуацыю і тым больш пра стварэнне зоны адчужэння гаворка ісці не будзе», – прагназуе ўкраінскае выданне.
***
Супрацоўнікі нядзельнай газеты Journal du dimanche абвясцілі забастоўку ў знак пратэсту супраць прызначэння на пасаду галоўнага рэдактара Жофруа Лежэна, які раней узначальваў ультраправы часопіс Valeurs actuelles. Прызначэнне прайшло падчас паглынання выдавецкага дома Lagardère мультымедыйнай групай Vivendi, кіраўнік якой Вансан Балорэ вядомы тым, што ператварае прыналежныя яму СМІ ў рупары правай і ўльтраправай ідэалогіі. «Гэты ультракансерватар шкодзіць далёка не толькі набытым ім самім друкаваным выданням, тэлеканалам і радыёстанцыям», – піша французская газета Libération.
«Рэйтынгі CNews і C8 вельмі далёкія ад фантастычных, а рэйтынгі Europe 1 сапраўды катастрафічныя. У часопіса Paris Match справы таксама ні хістка ні валка, а JDD страціць мноства чытачоў. Але якая насамрэч розніца? Усё гэта адносна нядорага ў вытворчасці, стварае шмат шуму, а дзякуючы пранізлівым крыкам і крыклівым колерам дапамагае распаўсюджваць тую ідэю, што людзі ўжо не могуць давяраць адзін аднаму, што грамадства, маўляў, раздробнена і аддадзена на водкуп «інтэрвенцыі» з боку мігрантаў і «адзічанню». Так прапагандуецца меркаванне, што нам, маўляў, не абысціся без добрай такой аўтарытарнай улады. Перад намі – палярызацыя замест інфармацыі, а іншымі словамі – смерць журналістыкі», – недвухсэнсоўна папярэджвае французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.