Міхал „Ваўкалак”: Нацыянальная ідэя зараз вельмі актуальная



У Варшаве, Познані, Лодзі і Вільні з’явіліся муралы, прысвечаныя ваярам Палка Каліноўскага – Яну „Тромблі” Дзюрбейку і Сяржуку „Кляшчу” Дзёгцеву. Абаронцы ўжо год знаходзяцца ў расейскім палоне: яны трапілі туды летась 26 чэрвеня падчас выканання задання пад Лісічанскам. У тым жа баі былі забітыя камандзір батальёна „Волат” Іван „Брэст” Марчук, ягоныя паплечнікі Васіль „Сябро” Парфянкоў, Васіль „Атам” Грудовік і Вадзім „Папік” Шатроў.

Фота: https://t.me/ruchbelnac

Пра муралы, пашырэнне арганізацыі і рэакцыю ўдзельнікаў аб’яднання на „мяцеж” „вагнераўцаў” наш карэспандэнт паразмаўляла з „Госцем Рацыі”, адным з кіраўнікоў „Руха” Міхалам „Ваўкалакам”, голас якога быў зменены з прычыны бяспекі.

РР: Як узнікла ідэя гэтых муралаў „Тромблі” і „Кляшча”?

– Мы ніколі пра іх не забывалі, але ў грамадстве пра іх даўно няма ўзгадак, ні ў медыях, ні ад палітыкаў. Яны проста як бы зніклі. Людзі знаходзяцца ў варожым расейскім палоне, гэта нашмат жахлівей сітуацыя, чым у лукашэнкаўскіх турмах. Зразумела, што тэма палітвязняў вельмі балючая для беларусаў, але гэта таксама палітвязні, нашыя хлопцы, вельмі важна пра іх не забываць. Таму мы вырашылі прыцягнуць увагу да гэтай праблемы, што хлопцы знаходзяцца год у варожым палоне, 26-га чэрвеня роўна год. Пра іх важна ўзгадваць, падымаць палітыкамі гэтай тэмы. Яны знаходзяцца ў спісе на абмен з боку Украіны, але расейскі бок пакуль маўчыць пра гэта, таму трэба ціснуць, нагадваць, не забываць хлопцаў.

РР: Хто працаваў над гэтым муралам? Як ён ствараўся?

З аснову былі ўзятыя фотаздымкі. На выяве Ян „Тромблі”, Дзюрбейка і Сяржук „Клешч” Дзёгцеў. Пасярэдзіне знаходзіцца эмблема палка Каліноўскага, бо яны былі ваярамі палка Каліноўскга і ўнізе надпіс „Нязломныя героі год у варожым палоне”, сцягі Беларусі і Украіны, іх імёны і пазыўныя. Муралы былі зробленыя ў Варшаве, Познані, Лодзі, а таксама ў Літве ў Вільні. Планаваліся яшчэ ў некалькіх гарадах, але там па пэўных прычынах не атрымалася.

РР: Ці ўзгаднялі вы нейкі момант як-небудзь з палком Каліноўскага?

– Так, зразумела. Перад тым, як рабіць гэтыя муралы, мы з некалькімі людзьмі звязваліся, з палка, са штабу, узгаднялі гэтае пытанне.

Фота: https://t.me/ruchbelnac

РР: У вас таксама былі некаторыя іншыя муралы, як мінімум мурал спадару Лазоўскаму?

– Мурал – гэта наша „фішка”. Мы хочам ушанаваць, прыцягнуць увагу да пэўных асобаў. Калі забілі, не пабаюся гэтага слова, вялікага героя беларускай нацыі Міраслава Лазоўскага, то мы зразумела вырашылі неяк ушанаваць яго памяць. Мы зрабілі мурал на тэрыторыі Музею вольнай Беларусі, гэта ў самым цэнтры Варшавы. Кожны ахвочы мог прыйсці і ўскласці кветкі, знічы, каб ушанаваць памяць героя. Таксама 10-га ліпеня споўнілася б 50 гадоў Міраславу Лазоўскаму, калі б акупанты яго не забілі. На гэтую юбілейную дату таксама плануем графічны мурал з фарбаў, які будзе зроблены ва Уроцлаве нашай уроцлаўскай філіяй.

РР: Якія ў вас яшчэ наперадзе планы?

Мы збіраемся працягнуць „турнэ” па вялікіх польскіх гарадах. Мы ўжо з’ездзілі ў Гданьск, Уроцлаў, таксама плануем у Познань, Беласток, Лодзь. Люблін, Шчэцін. Магчыма яшчэ кудысьці заедзем, у Быдгашч магчыма. Таксама магчыма будзе нейкае мерапрыемства да 15-га ліпеня, дзень Грунвальдскай бітвы. Таксама зараз плануем адну кампанію за беларускую мову. Бо зараз у Польшчы існуе такая праблема, што толькі дзеці беларусаў грамадзян Польшчы могуць дадаткова вывучаць беларускую мову ў школах. Гэта абмяжоўвае большасць беларусаў, бо большасць беларусаў знаходзіцца ў Польшчы на картах побыту, на сталым побыце, на іншых дакументах, міжнародная ахова і гэтак далей. То бок грамадзянства мае мінімум беларусаў, з тых якія тут пражываюць і знаходзяцца. Мы хочам зараз падняць гэтую праблему менавіта сярод палякаў. Гэта будзе такая польскамоўная кампанія накіраваная менавіта на палякаў, бо галасы саміх палякаў для мясцовых уладаў значна больш уплывовыя.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.


Беларускае Радыё Рацыя