У Жытоміры з’явілася вуліца Палка Каліноўскага
Ва ўкраінскім Жытоміры з’явілася вуліца Палка імя Кастуся Каліноўскага. Такое рашэнне прыняла гарадская рада. У гонар палка беларускіх добраахвотнікаў перайменаваная вуліца Беларуская.
Сёння, 29 чэрвеня, кіраўнік гарсавета Жытоміра Сяргей Сухамлін уручыў байцам палка Каліноўскага сцяг горада з нагоды перайменавання вуліцы.
«Калі беларусы вызваляць сваю краіну ад акупацыі, гэты сцяг будзе ля беларускага горада, які стане пабрацімам Жытоміра. Дзякую ўсім хлопцам і дзяўчынам палка Каліноўскага, якія з 2014 года абараняюць незалежнасць Украіны», – цытуе яго прэс-служба гарсавета.
Полк быў сфарміраваны ў сакавіку 2022 года. Калі пачалася вайна ва Украіне, салдаты палка аднымі з першых сустрэлі ворага ў Ірпені. У цяперашні час падраздзяленне знаходзіцца на складаным бахмуцкім напрамку.