Ціханоўская раскрытыкавала Захад за адсутнасць рашучага адказу на размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі
Святлана Ціханоўская раскрытыкавала Захад за «адсутнасць увагі» да сітуацыі ў Беларусі, паколькі краіна ўсё больш трапляе пад уплыў Масквы пасля таго, як Пуцін падтрымаў Лукашэнку.
Яна сказала, што адмова міжнароднай супольнасці рашуча адрэагаваць на перамяшчэнне Расеяй ядзернай зброі ў Беларусь падбадзёрыла Маскву і Менск: «Мы ўсё яшчэ чакаем адказу аб размяшчэнні ядзернай зброі на нашай тэрыторыі. Калі свет замоўчвае такі важны момант, гэта ўспрымаецца дыктатарамі як слабасць», – сказала Ціханоўская.
Прайшло больш за год з таго часу, як Еўразвяз у апошні раз увёў санкцыі супраць беларускага рэжыму за яго ролю ў дапамозе ўварванню Масквы ва Украіну. Раней блок неаднаразова ўводзіў у дачыненні да Менску санкцыі за жорсткае падаўленне пратэстаў. Краіны-чальцы ЕЗ спрачаліся аб новых мерах на працягу некалькіх месяцаў, але не змаглі дамовіцца.
Ціханоўская сказала, што прыезд групоўкі «Вагнэр» у Беларусь можа даць новы імпульс для далейшых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.