У Бруселі прайшло першае паседжанне Кансультацыйнай групы ЕЗ – Беларусь
Кансультацыйная група Еўразвязу 29 чэрвеня правяла сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл з удзелам Жазэпа Барэля і Святланы Ціханоўскай. Прадстаўнікі ЕЗ і Беларусі абмяняліся меркаваннямі аб пагаршэнні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, у тым ліку аб умовах утрымання палітвязняў і іх сем’яў, а таксама аб мэтах і патрэбах дэмакратычных сілаў»,— паведамілі ў Еўразвязе.
Удзельнікі сустрэчы асудзілі саўдзел Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны, у тым ліку ўзмацненьне ядзернай рыторыкі рэжыму, якая яшчэ больш пагражае сувэрэнітэту краіны.
Жазэп Барэль таксама правёў двухбаковую сустрэчу са Святланай Ціханоўскай і пацвердзіў нязменную падтрымку ЕЗ усім тым, хто мужна выступае за свабодную, незалежную і дэмакратычную Беларусь.
Пасля фальшывых выбараў у жніўні 2020 года ЕЗ выдзеліў больш за 100 мільёнаў еўра на падтрымку беларускага народа, у тым ліку праваабарончых арганізацый, грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ, устаноў культуры, а таксама малых і сярэдніх прадпрыемстваў.
Фота: twitter.com/Tsihanouskaya