Літва спыніла выдачу нацыянальных віз у Беларусі



Візавы цэнтр VFS Global у Менску прыпыніў прыём дакументаў на атрыманне нацыянальнай літоўскай візы.

У іншых гарадах Беларусі прыём дакументаў быў спынены 28 чэрвеня. Таксама візавы цэнтр з сярэдзіны чэрвеня не прымае запыты на выдачу нацыянальных віз на падставе працаўладкавання ў Літве. Гэта звязана з тым, што з 1 ліпеня ў Літве набудуць моц змены ў законе „Аб прававым статусе замежнікаў”.

Грамадзяне шэрагу дзяржаў, якія не ўваходзяць у Еўразвяз, змогуць атрымаць нацыянальныя візы за межамі Літвы толькі праз знешняга пастаўшчыка паслуг, якога будзе вызначаць Дэпартамент міграцыі пры МУС Літвы. Як гэта будзе выглядаць, пакуль невядома. Таксама нацыянальную візу можна атрымаць у самой Літве праз дэпартамэнт міграцыі, але для гэтага патрабуецца дзейная шэнгенская віза. Таксама на візу можна падаць у іншых краінах — напрыклад, Грузіі, Арменіі, Турцыі.

Беларускае Радыё Рацыя