У Барысаве і Салігорску стартуе 14-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі
На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі сёння пройдуць стартавыя сустрэчы 14-га тура.

У першай з іх сталічны „Энергетык-БДУ” згуляе ў Барысаве з „Іслаччу” з Мінскага раёна. У папярэднім туры мінчане згулялі ўнічыю ў Жодзіне з мясцовым „Тарпеда-БелАЗам” 1:1, а іх супернікі абыгралі ў Маладзечне футбалістаў „Гомеля” 3:1. Таксама ў Салігорску „Шахцёр” сустрэнецца з футбалістамі „Слуцка”. На мінулым тыдні абедзве каманды пацярпелі паразы – „Шахцёр” саступіў у Мазыры мясцовай „Славіі” 1:3, а „Слуцк” прайграў лідэру турніру гарадзенскаму „Нёману” 0:2.
Шыкаўка прызнаны лепшым форвардам „Кароны”
Беларускі нападнік Яўген Шыкаўка прызнаны лепшым форвардам „Кароны” з Кельцэ ў мінулым сезоне. У чэмпіянаце Польшчы беларус правёў 31 матч, забіў шэсць галоў і аддаў адну выніковую перадачу.
УЕФА адмяніла дадатковы час у Суперкубку Еўропы
УЕФА змяніла фармат правядзення матча за Суперкубак Еўропы.
Згодна з артыкулам 12 новага рэгламенту, у выпадку нічыі у асноўны час пераможцу будуць вызначаць адразу ў серыі пенальці. Такім чынам, адмяняюцца 2 дадатковыя таймы па 15 хвілін. Суперкубак Еўропы разыграюць паміж сабой «Манчэстэр Сіці» і «Севілья» 16 жніўня ў Афінах.
„Юнацтва” і „Металург” здзейснілі абмен
Мінскае „Юнацтва” і жлобінскі „Металург” здзейснілі абмен гульцамі. У горад „сталявараў” на правах арэнды адправіўся нападнік Максім Лемяшэўскі. У сталіцу перабраўся абаронца Максім Нікіцін. Правы на гульцоў замацаваны за ранейшымі клубамі. Арэндныя пагадненні разлічаны на адзін сезон.
У мінулым сезоне Лемяшэўскі згуляў 43 матчы, набраўшы 8 (4+4) ачкоў. Нікіцін правёў мінулы сезон у „Віцебску”, стаў уладальнікам Кубка Салея, правёў 40 гульняў у сезоне з улікам плэй-оф, запісаўшы ў свой актыў 11 (2+9) балаў, адзначае прэс-служба „Юнацтва”.
Волчанкаў выкліканы ў лагер развіцця маскоўскага „Дынама”
З 1 па 11 ліпеня пройдзе лагер развіцця для маладых гульцоў сістэмы маскоўскага „Дынама”. У ім прымуць удзел хакеісты 2000 года нараджэння і маладзейшыя. У прыватнасці, беларускі абаронца Арцём Волчанкаў прыме ўдзел у мерапрыемстве:
Настаўнікамі для дынамаўцаў стануць Аляксандр Тамілаў і Аляксандр Ахлаткін, зазначае прэс-служба сталічнага клуба.
У траўні Волчанкаў падпісаў двухгадовы кантракт з маскоўскай камандай.
Беларускае Радыё Рацыя
