Васьмідзясятая гадавіна пацыфікацыі вёскі Папоўка
Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся сёння ў Гарадку на Беласточчыне каб аддаць даніну памяці забітым гітлераўцамі жыхарам вёскі Папоўка.
3 ліпеня 1943 года гітлераўцы за дапамогу партызанам расстралялі на габрэйскіх могілках у Гарадку 37 мірных жыхароў вёскі Папоўка. У тым ліку шаснаццаць дзяцей. Саму вёску спалілі. Пра трагічныя падзеі пісала ў сваёй «Манаграфіі Гарадоцкай зямлі» Вера Тарасевіч:
– Немцы спалілі ўсе хаты і загадалі заараць гэтае месца, каб па гэтай вёсцы не было ніякага месца. Па вёсцы засталася пустая прастора. Аднак людзі з навакольных вёсак памяталі. Захаваліся тады моцныя сямейныя сувязі. Людзі з суседніх Пяшчанік згадвалі: «Гэта дзядзька, гэта мой брат, гэта цётка». І гэтыя самыя людзі ініцыявалі, што пасля вайны на месцы знішчанай вёскі паставілі спачатку мемарыяльны камень, пасля помнік. Як з’яўляецца сымбалем таго, што нейкай прыгажосцю аддаць гэтую трагедыю.
Удзельнікі сённяшніх урачыстасцяў усклалі кветкі да помніка, усталяванага ў 1982 годзе на месцы неіснуючай ужо сёння вёскі Папоўка. Маліліся над брацкай магілай у Крулёвым Мосце, дзе перапахавалі астанкі забітых і на самым месцы расстрэлу на габрэйскіх могілках у Гарадку, дзе была адкрытая мемарыяльная дошка.
Анна Шайкоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Беласток.