Агляд прэсы: Не вельмі лагічны выбар
Лукашэнка заяўляе, што ядзерная зброя не будзе выкарыстоўвацца ва Украіне. Мяцеж вагнераўцаў: ці арыштаваны генерал Суравікін? Пратэсты ў Францыі: якія патрэбныя перамены? Вялікабрытанія: суд забараніў „аўтсорсінг» бежанцаў у Руанду. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Лукашэнка заявіў, што тактычная ядзерная зброя прымяняцца не будзе, хаця яна і трапіла ў Беларусь. «Лукашэнка быццам упэўнены, што расейская тактычная ядзерная зброя, размешчаная ў яго краіне, ніколі не будзе выкарыстаная», – піша індыйская газета India Today.
«Лукашэнка і Пуцін прызналі, што частка тактычнай зброі прыбыла ў Беларусь, а рэшта будзе размешчана да канца году. Прэзідэнт Беларусі ў звароце да Дня ўтварэння былой савецкай дзяржавы назваў размяшчэнне зброі ў Беларусі «сваёй самай рашучай ініцыятывай», калі ядзерная зброя ляжыць у «надзейным месцы». Лукашэнка, як і Расея, неаднаразова абвінавачваў заходнія краіны ў спробах знішчыць яго дзяржаву і заяўляў, што размяшчэнне ядзернай зброі неабходна для стрымлівання патэнцыйных агрэсараў. Намеснік міністра замежных спраў Расіі Сяргей Рабкоў заявіў у пятніцу, што разгортванне не парушае Дамову аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі 1968 года, паколькі Расея захавала кантроль над зброяй. Ён заявіў таксама, што разгортванне было «прымусовым» да Расеі. Пры гэтым Лукашэнка дазволіў Пуціну пачаць частковае ўварванне ва Украіну ў лютым 2022 года з Беларусі і падтрымаў вайну, заключыўшы здзелку на мінулым тыдні, каб даць магчымасць кіраўніку наймітаў Яўгену Прыгожыну і яго байцам перанесці аперацыі ў Беларусь. Байцы Вагнера, якія перакідваюцца ў Беларусь, могуць выкарыстоўваць мігрантаў з Афрыкі і іншых краін для дэстабілізацыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы», – піша індыйскае выданне.
Якія высновы зробіць для сябе Пуцін па выніках маршу вагнераўцаў, і як гэта адаб’ецца на ягоным атачэнні і вайсковым кіраўніцтве? Над гэтым пытаннем зараз разважае не толькі заходняя прэса. Памнажаюцца чуткі і здагадкі наконт знікнення генерала Сяргея Суравікіна, намесніка камандуючага Аб’яднанай групоўкай расійскіх войскаў ва Украіне. Паводле паведамленняў у СМІ, ён быў арыштаваны і падазраецца ў датычнасці да арганізацыі мецяжу. Італьянская газета La Stampa мяркуе, што здагадкі пра тое, што генерал быў у курсе падрыхтоўкі мецяжу, маюць пад сабой падставы.
«Калі ў паралізуючыя гадзіны маршу вагнераўцаў на Маскву генерал Суравікін адным з нямногіх з’явіўся на экранах, каб асудзіць Яўгена Прыгожына і заклікаць яго здацца, многім кінулася ў вочы, як скавана і нават ненатуральна ён трымаўся. «Генерал Армагедон», як яго празвалі ў Сірыі пасля знішчэння Алепа, вядома, і так не адрозніваўся бліскучымі аратарскімі здольнасцямі, аднак на гэтым кароткім відэазапісе ён, хутчэй, нагадвае якога-небудзь генерала Чырвонай арміі з фільмаў пра Джэймса Бонда эпохі 70 -х. Некаторыя расейскія «ваенкары» з кепікамі напісалі ў сваіх блогах, што Суравікін, які меў цесныя сувязі з ПВК Вагнер, быў узяты ў закладнікі і прымушаны да таго, каб зрачыся ад сваіх саюзнікаў», – адзначае італьянскае выданне.
У чацвер у Францыі працягнуліся пратэсты і сутыкненні дэманстрантаў з паліцыяй, у тым ліку і ў прыгарадзе Парыжа Нантэры, дзе пратэсты працягнуліся і пасля жалобнага шэсця ў памяць аб 17-гадовым юнаку, які загінуў у мінулы аўторак ад рук паліцэйскага. У Францыі памнажаюцца выпадкі, калі падчас паліцэйскага кантролю справа даходзіць да гібелі людзей, у выніку чаго краіну скалынаюць хваляванні. Аглядальнікі праводзяць паралелі і патрабуюць зрабіць высновы. «Пачуццё таго, што цябе лічаць чалавекам другога гатунку, – вось што стала трыгерам пратэстаў у прыгарадах», – тлумачыць аўстрыйская газета Der Standard.
«Так было і ў выпадку з «гістарычнымі» беспарадкамі 2005 года, калі ў Клішы-су-Буа загінулі двое школьнікаў, якія вырашылі ўцякаць ад паліцыі. Што ўскладняе сітуацыю сёння, дык гэта тое, што ў адрозненне ад 2005 года, у распараджэнні грамадскасці ёсць відэа, якое не пакідае ніякіх сумневаў. На жыхароў ускраін французскіх гарадоў гэты відэазапіс аказаў такое ж моцнае эмацыйнае ўздзеянне, як і відэа гібелі Джорджа Флойда ў ЗША. У выпадку Францыі, рэспубліканскі падмурак якой грунтуецца на вулічнай рэвалюцыі 1789 года, ад моцных эмоцый да народнага паўстання шлях вельмі нядоўгі», – праводзіць паралель аўстрыйскае выданне.
Вялікабрытанія больш не мае права аддаваць разгляд хадайніцтваў аб прадастаўленні прытулку на «аўтсорсінг» у Руанду, як гэта было вырашана Высокім судом Лондана ў 2022 годзе. Згодна з рашэннем апеляцыйнай інстанцыі, гэта неправамерна, паколькі Руанду нельга лічыць бяспечнай краінай: недасканаласць тамтэйшай працэдуры разгляду прашэнняў можа прывесці да таго, што асобы, якія фактычна маюць права на прытулак, будуць дэпартаваны ў краіны свайго паходжання. Дадзенае рашэнне ўсё яшчэ можа быць абскарджана ў Вярхоўным судзе Вялікабрытаніі. На думку берлінскай газеты taz, гэтае рашэнне будзе мець наступствы і для міжнароднай палітыкі ў дачыненні да бежанцаў.
«Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў увесь час высылае просьбітаў прытулку з Лівіі ў Руанду, і зараз гэта стане немагчымым? Яшчэ больш праблем цяперашняе рашэнне абяцае Еўразвязу, а значыць, і Нямеччыне. Здзелка ЕЗ і Турцыі дазваляе Грэцыі вяртаць сірыйскіх бежанцаў у Турцыю без якіх-небудзь разбораў, ці не пускаць іх наогул. Але ў Турцыі на самым высокім палітычным узроўні ідуць дыскусіі аб дэпартацыі сірыйскіх бежанцаў у Сірыю, нават супраць іх волі. Калі мераць меркамі лонданскага правасуддзя, то такая здзелка была б незаконнай. І гэта не проста тэарэтычнае сцвярджэнне. Еўрапейская канвенцыя аб правах чалавека дзейнічае на ўсёй тэрыторыі Еўропы, а не толькі ў ЕЗ», – звяртае ўвагу нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка