„Ягелонія” (Беласток) – „Рух” (Хожуў) – 2:0



З лікам 2:0 завяршылася сустрэча „Ягелоніі” (Беласток) з камандай Рух Хожуў у апошнім матчы асноўнага сезона футбольнай лігі Польшчы. У першай палове гол для „Ягелоніі” здабыў Пшэмыслаў Франкоўскі, а ў другім тайме адразу пасля выхаду на поле – Патрык Тушынскі.

Паводле трэнера Ягелоніі Міхала Пробежа, у гульні футбалістаў з Беластоку бачны прагрэс, што суцяшае перад апошнімі матчамі другога этапа змагання за чэмпіёнства Польшчы:

– Суцяшае тое, што другі матч запар гуляем „на нуль”, не прапускаем галы – гэта аснова. Спачатку мы прапускалі зашмат галоў, а цяпер вярнуліся да лепшай гульні. Адбудзецца сем матчаў, якія будуць вельмі цікавымі. Зробім усё, каб заняць найвышэйшую пазіцыю, каб утрымаць гэтую пазіцыю, будзем змагацца за чэмпіёнства і дакладна не паддамося.

„Ягелонія” завяршыла змаганне на 3 месцы з 49 ачкамі. Цяпер восем лепшых камандаў будуць спаборнічаць за тытул чэмпіёна Польшчы. Першы матч ужо праз тыдзень у Беластоку з камандай „Шлёнск” (Вроцлаў).

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя