„Фальш-дзяржава”



Калі „героі” памыляюцца, трэба моцна высіліцца, каб народ прыняў новую рэальнасць і паверыў у „дэгераізацыю”. Што, уласна, зараз і адбываецца па поўнай праграме на расейскіх федэральных каналах. Славілі-славілі прыватную ваенную кампанію, а потым аказалася, што не зусім стратэгічны з пункту гледжання ўсяго фронту Бахмут (у іх – Арцёмаўск) бралі 224! дні. У параўнанні з Марыупалем за 71 дзень. Ды і не ўзялі да канца, бо часткова горад-крэпасць застаўся пад кантролем украінскага войска. Гэта ж не Растоў за некалькі гадзін.

Хоць і з ім усё неадназначна: растоўскі губернатар заявіў расСМІ, што мяцежнікаў падтрымалі не жыхары горада, а пераапранутыя ў цывільнае адзенне вагнераўцы. І з караваем (чытай — з канапкай) каля штаба Паўднёвай ваеннай акругі баевікоў ПВК сустракалі жанчыны-баевікі. Яно і зразумела, губернатару зараз ніяк нельга прызнавацца ў зваротным, інакш на фоне развеянага гераічнага культу папросту можна страціць пасаду. Усё ў іх нейкае несапраўднае: і героі, і іерархі з пагонамі, і прэзідэнт з яго двайнікамі.

Хто з бункера баіцца нос высунуць, а перад сустрэчай з ваеннымі прапагандыстамі апошніх прымушаюць тыдзень сядзець на каранціне, а хто з натоўпам дагестанцаў у Дэрбенце абдымаецца-цалуецца. Вераць і веруюць. Што рухае гэтай фальш-дзяржавай – ці то страх перад каралём, ці то бяссільная злосць? А кароль жа голы.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя