Расейская прапаганда зняпраўдзіла Лукашэнку аб перамовах з Прыгожыным
Расейскі прапагандыст Зміцер Кісялёў абверг версію Аляксандра Лукашэнкі аб перамовах з верхаводам ПВК «Вагнер» Яўгенам Прыгожыным.
Па словах Кісялёва, Прыгожын сам запытаў размову з Пуціным, але той «са здраднікам размаўляць адмовіўся».
«У гэты момант ініцыятыву праявіў кіраўнік Беларусі Лукашэнка. Па ўзгадненні з Пуціным ён спрабаваў датэлефанавацца да Прыгожына, але той на званкі Лукашэнку адказваць не хацеў», – распавядае такую гісторыю Кісялёў.
«Тады ў паветра паднялася штурмавая і франтавая авіяцыя і стала наносіць папераджальныя бомбавыя ўдары, пакуль не па калоне, але побач, кшталту, алё, Яўген Віктаравіч, вазьміце трубачку, калі ласка. Так Лукашэнка і датэлефанаваўся», – кажа Кісялёў.
Каб пазбегнуць вялікага кровапраліцця, крымінальная справа аб узброеным мецяжы была прыпынена, як кажа Кісялёў. „Але Прыгожын павінен пайсці ў Беларусь – на гэтых умовах прэзідэнт Расеі памілаваў яго”, – падкрэсліў ён.
Беларускае Радыё Рацыя