Аляксандр Кабанаў: Мы мусім выпрацаваць адзіную стратэгію
У Варшаве ў памяшканні дабрачыннай арганізацыі «Дар лёсу» адбылася першая сесія Устаноўчага сходу па стварэнні кааліцыі палітычных партый і грамадскіх арганізацый нацыянальна-дэмакратычнага накірунку.
Прысутнічалі на сесіі прадстаўнікі 4 партыяў і 9 грамадскіх аб´яднанняў, кажа прадстаўнік аргкамітэту сесіі Анатоль Фёдараў:
-Задачы, якія былі пастаўлены, усе вырашаны. Усе падтрымалі, сказалі, што кааліцыі – быць. Кааліцыю патрэбна стварыць.
Прадстаўнік АГП, былы палітвязень Аляксандр Кабанаў лічыць, што трэба ствараць агульную кааліцыю дэмакратычных сілаў, паколькі ва ўсіх адна мэта – гэта знішчэнне рэжыму Лукашэнкі і свабодная, дэмакратычная Беларусь:
-Мы не ўмеем дамаўляцца. Мы ўсе хочам вольнай Беларусі, каб не было Лукашэнкі. Але за бачаннем мэты мы дарогі не бачым, як туды ісці. Мы мусім сесці за стол перамоваў максімальна шырокім прадстаўніцтвам. І выпрацаваць адзіную пазіцыю, адзіны дакумент, пад якім усе павінны паставіць подпіс. Гэта самая важная мэта гэтага сходу – выпрацоўка адзінай стратэгіі.
Паводле Анатоля Фёдарава, справа ідзе не пра аб´яднанне ўсіх антылукашэнкаўскіх сіл, а толькі нацыянальна арыентаваных.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Заява аб стварэньні Кааліцыі нацыянальна-дэмакратычных сілаў
(Праект)
Мы, прыхільнікі нацыянальна-дэмакратычных ідэяў, разумеючы лёсавызначальны характар склаўшайся сытуацыі для нашай нацыі й дзяржавы, прыймаем рашэньне аб аб’яднаньні нашых намаганьняў па стварэньню Кааліцыі грамадкіх і палітычных арганізацыяў патрыятычнай скіраванасьці.
Мэтамі нашага яднаньня зьяўляюцца: адхіленьне ад улады антыбеларускага рэжыму, вызваленьньне краіны з-пад расейскай залежнасьці, нацыянальнае адраджэньне, забеспячэньне эўраатлянтычнага выбару для Беларусі.
Першачарговымі задачамі Каааліцыі ў дасягненьні гэтых мэтаў будуць: садзеяньньне рэарганізацыі палітычных партыяў і грамадзкім аб’яднаньняў у новых умовах, вяртаньне плюралістычнасьці ў беларускае грамадзка-палітычнае поле, стварэньне шырокага нацыянальнага фронту барацьбы супраць дыктатуры й расейскай агрэсіі.
Наша дзейнасьць будзе ажыцьцяўляцца па наступных асноўных накірунках:
1) падтрымка й арганізацыя дзеяньняў, накіраваных на дэмакратычныя зьмены ў краіне, на нацыянальнае адраджэньне, на недапушчэньне працэсаў русіфікацыі беларускага грамадзтва;
2) усебаковае садзеяньне дзейнасьці грамадзкіх і палітычных аб’яднанняў у межах нашай Кааліцыі, а таксама іншых патрыятычных аб’яднаньняў і ініцыятываў, скіраваных на згаданыя мэты;
3) абарона беларусаў за мяжой, недапушчэньне іх дыскрымінацыі, абмяжаваньня іх правоў і магчымасьцяў;
4) падтрымка беларускіх вайсковых фармаваньняў ва Ўкраіне, у т. л., вайскова-спартовых ініцыятываў, як магчымага рэзэрву такіх фармаваньняў, для прыбліжэньня перамогі над агрэсарам;
5) максымальнае спрыяньне дзеяньням, скіраваным на кансалідацыю беларускага грамадзтва, на супрацоўніцтва розных грамадзка-палітычных сілаў, што стане надзейным грунтам для пераменаў і хутчэйшага вызваленьня з турмаў нашых суграмадзянаў.
Адначасна, з улікам склаўшайся сытуацыі, мы мяркуем выступіць супраць манапалізацыі грамадзкага й палітычнага поля з боку якіх-небудзь структураў ці групаў, што вядзе да вельмі небясьпечных для нашага грамадзтва наступстваў, аддаляе насьпеўшыя перамены.
Каб прадухіліць гэта, мы лічым неабходным стварэньне кааліцыйных ворганаў беларускай улады пераходнага перыяду, працэс стварэньня якіх павінен быць максымальна адкрытым, публічным, праведзеным згодна сумесна выпрацаваных працэдураў. Дзеля чаго прапануем ужо ў бліжэйшы час правесьці адпаведныя кансультацыі, з зацьверджаньнем іх вынікаў на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, забясьпясьпечаўшы максымальна шырокае прадстаўніцтва на ім.
Названыя крокі дазволяць зьяднаць беларускае грамадзтва, стварыць спрыяльныя й, што найбольш істотна, прадказальныя ўмовы для будучых пераўтварэньняў.
Мы, прыхільнікі нацыянальна-дэмакратычных ідэяў, аб’ядноўваем нашыя намаганьні дзеля вяртаньня нашай краіны на шлях свабоды, дэмакратыі і нацыянальнага адраджэньня й на гэтым шляху гатовыя дзейнічаць разам з усімі адказнымі грамадзка-палітычнымі сіламі!
Беларускае Радыё Рацыя