За што ў дыктатурах не любяць ЗША



ЗША як ідэя з’явіліся раней за 4-га ліпеня 1776 году. Ідэя вельмі простая – свабода. 

Назва гэтай дзяржавы існуе побач са мною амаль ад нараджэння. ЗША тое, ЗША гэтае – яшчэ ў дзіцячым садку я зразумеў, што ЗША – гэта канстанта. Такога літаразлучэння я не ведаў, але адчуваў, што ЗША – гэта штосьці, на што раўняюцца. 

Спойлер – ЗША стварылі еўрапейцы, якія ўцякалі ад дэспатыяў у сваіх краінах. Сёння 50% белых амерыканцаў – нашчадкі немцаў. 25% усяго насельніцтва ЗША – нашчадкі ірландцаў. Нашчадкі ангельцаў у меншасці, але яны кіруюць краінай. 

Для людзей, якія выраслі ў СССР, ЗША – гэта вобраз альбо абсалютнага зла, альбо надзеі. Гэтак сама як і для шэрагу народаў у папярэднія гістарычныя часы. Надзеі на вызваленне. 

Хто забыўся, нагадаю, што першымі еўрапейцамі, якія не выпадкова, а мэтанакіравана, высадзіліся ў паўночнай Амерыцы, былі хрысціянне-пратэстанты з Галандыі. У сябе на радзіме іх пераследавалі заваёўнікі-каталікі з Іспаніі. 

Ці ведалі гэтыя ціхмяныя і адначасова ўпартыя людзі, што на пачатку 17-га стагоддзя закладаюць падмурак дзяржавы, якая стаецца самай магутнай у свеце? Вядома, не. Праз няпоўныя 200 гадоў у канцы 18-га стагоддзя дзяржаву ЗША стварылі людзі з лозунгам «Свабода, роўнасць, братэрства». 

Прынята асацыяваць гэты лозунг з Францыяй, але насамрэч ён быў зацверджаны ў Лондане ў 1721 годзе. Гэта лозунг масонаў, і ён значыць наступнае. «Свабода» – для ўсіх. «Роўнасць» – усіх. «Братэрства» – для тых, хто прымае першыя два пастулаты. 

Няма братэрства аўтаматычна. Спачатку ты прызнаеш свабоду для ўсіх. Пасля ты разумееш, што роўнасць роўнасцю, а магчымасці магчымасцямі. І тады ты ўжо робішся братам ці сястрой братэрства ЗША. Хоць не ўсе гэта ведалі, але па факце выглядае так.

ЗША – гэта найперш брацтва згодных са свабодай.

Гэтае брацтва стварылі многія этнасы. А цяпер адкажам на пытанне, пазначанае вышэй: за што не любяць ЗША?

Гісторыя чалавецтва – гэта гісторыя дэспатый. Гэта гісторыя вертыкаляў улады, як, напрыклад, у гісторыі з Лукашэнкам.

ЗША не любяць дэспаты, бо ідэалогія роўнасці стартавых магчымасцяў супярэчыць ідэалогіі цара гары, які размяжоўвае дабрабыт. 

У ЗША ідэалогія братэрства і роўнасці ўсіх перад Законам.

У дыктатурах закон – для ворагаў, для сваіх – паняція.

Нянавісць да ЗША вельмі простая. ЗША дэманструюць, што можна жыць не па паняціях, а па Законе.

Калі вы жывеце ў краіне, дзе ў шырокім грамадстве няма нянавісці да ЗША, значыць ваша краіна свабодная.

Кожнага 4-га ліпеня папамятайце, што ЗША стварылі свабодныя людзі з шэрагу краін.

У тым ліку беларусы.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя