Бізнэс-джэт Лукашэнкі лётаў у Маскву і Турэччыну



Дзяржаўны бізнэс-джэт, які выкарыстоўваюць высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі і сям’я Лукашэнкі, 2 ліпеня лётаў у Маскву, а 3 ліпеня накіраваўся з Менска ў турэцкі Бодрум, сведчаць звесткі radarbox.com, піша Reform.by.

Самалёт вылецеў з Менска ў 19:41 3 ліпеня і прызямліўся ў турэцкім Бодруме ў ноч з 3 на 4 ліпеня. Раней, 2 ліпеня ў 18:23 па Менску бізнэс-джэт накіраваўся ў маскоўскі аэрапорт „Унукава”, прабыў там суткі і 3 ліпеня ў 19:21 прыляцеў у Менск. Хто менавіта знаходзіўся на борце — пакуль невядома.

Аналагічны палёт у Бодрум беларускі бізнэс-джэт здзейсніў у ноч з 23 на 24 чэрвеня. На фоне бунту ў Расеі палёт выклікаў павышаную ўвагу публікі. Самалёт вярнуўся ў Беларусь у ноч з 24 на 25 чэрвеня.