Аліна Коўшык: Мы не можам дапусціць, каб толькі прапаганда мела ўплыў на беларусаў
Папраўкі ў закон аб СМІ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. А яны не накіраваны на ўдасканаленне механізмаў абароны нацыянальных інтарэсаў, а ствараюць умовы для татальнага кантролю над інфармацыяй.
З такой заявай выступае Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі, а падрабязней яго пазіцыю тлумачыць прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык. Яна сёння “Госця Рацыі”:
-Канешне, мы сочым за тым, што адбываецца, за тым, што робіць дыктатар і ягоныя прыслужнікі. Гэта дастаткова чаканая падзея, чаканая таму, што прыкладна паўгода ўжо гэтыя папраўкі рыхтаваліся ў так званы закон так званай Палаты прадстаўнікоў. Вельмі цікава, што 18 красавіка і 31 траўня гэтыя змяненні рэдакцыі яны прынялі ў першым і другім чытанні адпаведна, і потым адзінагалосна ўхвалілі. І Савет Рэспублікі таксама адзінагалосна ўхваліў.
Гэта нармальная сітуацыя не для ўлады, гэта нармальная сітуацыя для дыктатуры, калі не выказваюцца ніякія меркаванні і не прымаюцца ніякія пярэчанні. І таму подпіс Лукашэнкі быў проста фармальным, які проста надаваў сілу закону, фактычна не сілу і не закону, і подпіс не прэзідэнта. Можна да гэтага ставіцца так, таму што мы таксама мусім мець на ўвазе тое, што ўсе гэтыя папраўкі ў законы, якія зараз прымаюцца, нелегітымнай уладай, яны бяспраўныя. Галоўная мэта ў тым, як кажуць самыя стваральнікі гэтых паправак, у забеспячэнні канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай інфармацыі, абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў нацыянальнай бяспекі ў сферы масавай інфармацыі. З іншага боку, Гайдукевіч сам крычыць на паседжанні так званага парламенту пра тое, што свабода слова – гэта лухта. Сучасныя ўлады Беларусі – гэта людзі, якія трымаюць уладу і не думаюць ні пра якую свабоду слова, кажуць, што, маўляў, яе нідзе няма. Але гэта няпраўда. Гэта чарговы абман, яго нам скормліваюць, каб яшчэ прыкруціць гайкі. Што важна, гайкі прыкручваюць цяпер не толькі медыям. Іх прыкручваюць таксама тым спажыўцам інфармацыі, то бок кожнаму з нас, які чытае і спажывае беларускі кантэнт, беларускія СМІ. Вельмі важна зазначыць тое, што гэты закон, у прынцыпе гэта заканамерна, ён не абмяркоўваўся публічна. Праўкі ўносіліся кулуарна, а потым яго прэзентавалі як факт. Але вынікае, што гэтыя “інавацыі” яшчэ больш абмяжоўваюць магчымасці як дзяржаўнай, так і незалежнай прэсы. Маўляў, яны павінны адэкватна рэагаваць на дэструктыўныя працэсы ў медыяпрасторы. Ну што, цяпер будзе яшчэ прасцей ануляваць пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ, ці абмяжоўваць доступ да інтэрнэтрэсурсаў. Але ў прынцыпе гэта і раней не было вялікай складанасцю для ўладаў. Таксама дэталізуюцца патрабаванні да дзейнасці ўладальнікаў інтэрнэтрэсурсаў, якія распаўсюджваюць прадукцыю тэлевезійных альбо радыёвяшчальных СМІ. Так што, думаю, гэта закране і “Беларускае Радыё Рацыя”, і “Белсат” і напэўна “Еўрарадыё” і іншыя СМІ, якія зараз вяшчаюць на Беларусь з-за мяжы. Бачна, што яны будуць прымаць гэтыя меры ў адказ таксама і да замежных СМІ і да замежных журналістаў.
Памятаем пра тое, што ў гэтых папраўках згадваецца таксама і магчымасць сацыялагічных даследаваняў. Уявіце сабе, што вам перакрываюць паветра, кісларод з усіх бакоў, але мне падаецца, што рэакцыя павінна быць акурат адваротнай. Нашыя СМІ працуюць ужо амаль тры гады ва ўмовах рэлакацыі, у вельмі складаных умовах і выдатна выконваюць сваю працу. Гэта вельмі важна для разумення той карціны, якая зараз адбываецца ў нашай краіне. Мы не можам дапусціць таго, каб толькі прапаганда мела ўплыў на тое, што глядзяць і слухаюць беларусы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя