Лукашэнка стаўся саюзнікам спонсараў тэрарызму



Парламенцкая асамблея Савету Еўропы (ПАСЕ) прызнала вайсковую групоўку „Вагнер” тэрарыстычнай, а Расейскую Федэрацыю – спонсарам тэрарызму. А ўсё таму, што Пуцін нядаўна публічна пацвердзіў, што з „вагнеры” спансараваліся з дзяржаўнага бюджэту Расеі.

Заходнія дэмакратыі доўга запрагаюць сваіх юрыдычных коняў, затое прынятыя ў прававым полі рашэнні і законы – працуюць.

Усе палітычныя аглядальнікі, якія спецыялізуюцца на Расеі, ведалі, што дэ-факта „Вагнер” ніякая не прыватная кампанія, а створаная пры ўдзеле Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Міністэрства абароны РФ.

І што здабыча каштоўных металаў у Афрыцы дэ-факта дзяржаўны бізнес-праект, і што грошы на „Вагнера” бяруцца з дзяржбюджэту.

Але ж хто публічна пакажа дакументы, якія звязваюць „Вагнера” і расейскую дзяржаву? А тут Пуцін сам усё здаў з вантробамі.

Яшчэ больш цікавае пытанне пра маёмасць краін – спонсараў тэрарызму. Бо фінансавыя актывы ды іншая маёмасць – гэта тое, што можа быць выкарыстана для падтрымкі тэрарыстаў.

Лукашэнка не проста так не першы год сябруе з начальнікам „Вагнера” Прыгожыным.

Пакуль Лукашэнка вешае на вушы локшыны сваім ябацькам, навучаючы іх як правільна пасвіць каровы і капаць бульбу, дзесьці ў Афрыцы працуе горназдабывальная тэхніка. Золата, алмазы, ды іншыя «дары прыроды» даюць прыбытак клану Лукашэнкі. Усё пад прыглядам „вагнераўцаў”.

Вось такая адна з версій чаму Лукашэнка кінуўся ратаваць Прыгожына і ягоных узброеных бандытаў.

Што дае пастанова ПАСЕ? Яна дае кірунак у якім могуць рухацца нацыянальныя і наднацыянальныя органы як краін-удзельніц ПАСЕ, такі краін з палітычна блізкай культурыі.

Зыходзячы з простай логікі, цяпер кожны тэрарыст-„вагнеравец” можа і мусіць быць затрыманым, і дастаўлены пад следства ў любой з краін ПАСЕ.

А што са спонсарамі тэрарыстаў? Выглядае на тое самае – затрыманне і следства.

Што мы ведаем пра арганізацыі, прызнаныя тэрарыстычнымі? Напрыклад, найбуйнейшая – Аль-Каіда. Кожны, датычны да яе, – ізгой амаль ва ўсім свеце. А колішняга галаву Аль-Каіды Усаму Бін Ладэна ЗША ліквідавалі.

Што праўда, перад тым Аль-Каіда знішчыла вежы Міжнароднага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку і атакавалі Пентагон. Тысячы людзей загінулі.

Лукашэнку, які збіраецца прытуліць на падкантрольнай сабе тэрыторыі тысячы міжнародных тэрарыстаў, проста варта прызадумацца пра наступствы ў выпадку, калі „вагнераўцы” заварушацца ў той ці іншы бок са зброяй у руках.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя