У Беларусі завяршаецца перарэгістрацыя аграсядзібаў



У Беларусі завершыўся прыём заяў на перарэгістрацыю аграсядзібаў паводле новых патрабаванняў. Паводле папярэдніх звестак, ёсць раёны, дзе дакументы не падала і палова ад дзейных дагэтуль такіх аб’ектаў турызма. Так на Віцебшчыне з 450 сельскіх турыстычных аб’ектаў ад перарэгістрацыі адмовілася каля 40%. Чыноўнікі спрабуюць размежаваць, каб пад шыльдаю аграэкасядзібы не хаваўся звычайны гатэльна-рэстаранны бізнэс.
Экскурсавод Таццяна Хвагіна адзначае, што падмена паняццяў у большасці выпадкаў адбылася адразу ж пры развіцці агра-эка турызму:

— Хтосьці пачынаў займацца гэтай справай, і сапраўды хацеў зрабіць так, каб сюды прыехалі турысты, каб іх абслугоўваць, каб ім паказваць наш край. Хтосьці адразу меў сваёй мэтай зрабіць нейкі аб’ект бізнэса — дзе можна было б праводзіць вяселлі, карпаратывы, юбілеі і г.д., зарабляючы некепскую капейчыну.

Працэдура перарэгістрацыі аграсядзібаў выглядае наступным чынам. Пасля падачы заяўкі ў раённую адміністрацыю на аб’ект выязджае адмысловая камісія. Яна звяртае ўвагу на наяўнасць падсобнай гаспадаркі, колькасць жыллёвых пакояў іх не мае быць больш дзесяці, а галоўнае на паслугу, якая б папулярызавала мясцовыя адметнасці, традыцыі, гісторыю.

Беларускае Радыё Рацыя