У Беластоку адкрылася дабрачынная крама Фонду «Дыялог»
Фонд «Дыялог» у Беластоку ўрачыста адкрыў фірмовую дабрачынную краму ў гістарычным будынку чыгуначнага вакзала. У продажы – экалагічныя і натуральныя тавары, касметыка, кава і гарбата.
На адкрыцці выступіў Прэзідэнт Фонда «Дыялог» Міхал Гавэл:
-На вакзале PKP у Беластоку з’явілася крама дабрачыннага Фонду “Дыялог”, створаная, між іншым, уцекачамі з Украіны, але не толькі. Тут не толькі мясцовыя прадукты з ваколіц Беластока, вырабленыя мясцовымі вытворцамі, але і ўдзельнікамі Цэнтру сацыяльнай інтэграцыі.
У краме працуюць, у тым ліку, бежанцы з Украіны. Праект фінансуецца з фондаў ЕЗ. Сродкі ад продажаў у дабрачыннай краме будуць накіраваны на дапамогу асобам, якімі апякуецца Фонд «Дыялог». Крама працуе ад аўторка да суботы: ад 9-й да 18-й у будзёныя дні, ад 10-й да 16-й у суботу.
Беларускае Радыё Рацыя