Намінальны заробак перавысіў 1860 рублёў



Афіцыйна намінальны заробак у Беларусі ў траўні перавысіў 1860 рублёў. За апошні год ён павялічыўся на 18 працэнтаў. У гэтым росце эканамісты бачаць не толькі плюсы, але і мінусы.


Эксперты падкрэсліваюць, што рост зарплаты зараз – гэта мэтанакіраваная палітыка ўрада. Справа ў тым, што пры адсутнасці шырокага доступу да замежных фінансавых рэсурсаў і пры наяўнасці вялікіх праблем на знешніх рынках апору для эканомікі вырашылі шукаць ва ўнутраным попыце. Дзеля гэтага важна, каб у насельніцтва былі сродкі. У мінулым годзе на фоне высокай інфляцыі прыйшлося рэзка нарошчваць заробкі. Аднак па меры яе запаволення прыводзіць заробкі да камфортных для эканомікі параметраў перашкаджае некалькі абставін.

Па-першае, унутранае спажыванне – ці ледзь не галоўны зараз драйвер росту ВУП. Па-другое, сітуацыя на рынку працы такая, што дэфіцыт кадраў прыводзіць да канкурэнцыі працадаўцаў, а асноўным элементам такой барацьбы з’яўляецца прывабны ўзровень аплаты працы. Не выключана, што інфляцыі пачне з’ядаць заробкі беларусаў, якія павялічыліся. У гэтым выпадку нават у кароткатэрміновай перспектыве не давядзецца казаць пра нейкія выгоды для людзей.

Расейскія мытнікі затрымалі вустрыц на мяжы з Беларуссю

Аўтамабіль 24-гадовага жыхара Бранскай вобласці спынілі каля мяжы з Беларуссю. У машыне знайшлі 20 скрынак з французскімі вустрыцамі. Груз знішчылі, бо вустрыцы перавозіліся з парушэннем фітасанітарных нормаў, паведамляе ФМС Расеі.

У Беларусі вядзецца праца над канцэпцыяй падатковай амністыі

Такая мера павінна папярэдзіць карупцыйныя злачынствы, заявіў генпракурор Андрэй Швед на паседжанні Міждзяржаўнай рады па супрацьдзеянні карупцыі. «Акрамя таго, зараз распрацоўваецца канцэпцыя падатковай амністыі, якая прадугледжвае вызваленне ад адказнасці асоб пры добраахвотным дэклараванні схаваных даходаў і актываў. У пэўнай меры гэта будзе садзейнічаць папярэджанню карупцыйных злачынстваў, звязаных з легалізацыяй незаконных даходаў», – заявіў Швед.

Генпракуратура таксама прапануе ўвесці электроннае дэклараванне даходаў і маёмасці.

„Белтэлекам” паскардзіўся на А1

Дзяржаўная кампанія „Белтэлекам” паскардзілася ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю на незаконную канкурэнцыю з боку А1, піша інфармагенцтва Sputnik. Дзяржкампанія палічыла, што канкурэнты незаконна выкарысталі дамінуючае становішча на рынку, каб прыцягнуць новых абанентаў мабільнага інтэрнэту. У „Белтэлекаме” паскардзіліся, што ад іх сышлі 13 940 кліентаў, а выручка зменшылася на 400 тысяч рублёў. У МАРГ зрабілі выснову, што акцыі А1 не маглі прывесці да поўнай страты абанентаў у іншых гульцоў рынку. Больш за тое, у іншых канкурэнтаў — кампаній МТС і life:) — абаненцкая база вырасла. Таму ведамства мяркуе, што кампанія А1 нічога не парушыла.

Беларускае Радыё Рацыя