Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд Эдуарду Бабарыку
“Сёння беларускі “суд” вынес чарговы прысуд невінаватаму чалавеку. 8 гадоў атрымаў Эдуард Бабарыка. Гэта чалавек, які правёў у СІЗА тры гады – рэкордны для Беларусі тэрмін. Увесь гэты час рэжым проста не мог прыдумаць прычыну, па якой затрымаў Эдуарда, і знайсці доказаў яго віны. Бо за рэальную прычыну – помста за жаданне яго бацькі ўдзельнічаць у выбарах – наўрад ці далі б нейкі тэрмін нават у такім судзе.
Гэты прысуд Эдуарду за бацьку, які так і не з’явіўся на судзе. Пра якога ён нічога не чуў з 26 красавіка і не ведае, жывы ён ці не”.
Так Святлана Ціханоўская пракаментавала сённяшні прысуд сыну Віктара Бабарыкі – Эдуарду. „Я ўпэўнена, што такія маладыя і таленавітыя людзі, як Эдуард Бабарыка, – будучыня новай Беларусі”, – падкрэсліла Ціханоўская.
Нагадаем, Эдуард быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам Віктарам Бабарыкам, калі ішоў у ЦВК здаваць сабраныя подпісы. Эдуард Бабарыка стаў вядомы ў публічнай прасторы, калі ў 2018 годзе запусцілася краўдфандынгавая платформа «Ulej», а ў 2019 – фандрэйзінгавая «MolaMola». Абедзве былі пад кіраўніцтвам Эдуарда. На «MolaMola», сярод іншага, збіраліся сродкі на дапамогу медыкам падчас пандэміі Covid-19. Таксама з дапамогаю платформаў стала магчымай рэалізацыя шмат якіх беларускіх культурніцкіх праектаў.
Беларускае Радыё Рацыя