Ціханоўская: Сэрца радуецца бачыць Сяргея. Жывым. І моцным
Шэраг пралукашэнкаўскіх тэлеграм-каналаў 5 ліпеня апублікаваў паўхвілінны відэаролік, на якім, як сцвярджаецца, — палітвязень Сяргей Ціханоўскі.
На відэазапісе пазначаная дата — 5 ліпеня 2023 году. У чалавеку на відэа даволі цяжка пазнаць Сяргея Ціханоўскага, але ягоная жонка Святлана Ціханоўская, убачыўшы відэа, пазнала яго і напісала: «Сэрца радуецца бачыць Сяргея. Жывым. І моцным. Калі паказалі яго, то наступнымі пакажыце Віктара Бабарыку, Марыю Калесьнікаву, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Паўла Севярынца, Ігара Лосіка, Вольгу Маёраву і ўсіх, з кім зараз няма сувязі. І дапусціце адвакатаў да ўсіх палітвязняў».
4 ліпеня Святлана Ціханоўская атрымала ананімнае паведамленне, што яе муж Сяргей Ціханоўскі нібыта памёр у зняволенні. Такую інфармацыю Ціханоўская сёлета атрымлівае ўжо другі раз.
Беларускае Радыё Рацыя