Палякі пра беларусаў: збольшага пазітыў
Польская арганізацыя «Цэнтр дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага» зрабіла апытанне палякаў на тэму стаўлення да беларусаў. Вынікі пазітыўна ўражваюць.
На пачатку зраблю шматслоўную цытату з уступу да прэзентацыі даследавання.
«Дынаміка апошніх падзей вакол Беларусі выбіла палякаў з пэўнага сталага пункту гледжання на гэтую краіну», – кажуць аўтары даследавання. Апошнія тры дзесяцігоддзі асацыяцыі, звязаныя з Беларуссю, былі даволі ўстойлівыя: нязменнасць кіроўнага рэжыму, вобраз беларусаў як людзей спакойных і не вельмі схільных да пратэстаў, больш-менш стабільныя беларуска-польскія адносіны. Усё змянілася ў 2020 годзе. Пратэст беларускага грамадства супраць дыктатуры Лукашэнкі выклікаў вельмі пазітыўны рэзананс у польскім грамадстве і разбурыў стэрэатыпы пра беларусаў. У 2020–2021 гадах Польшча стала адным з буйнейшых прытулкаў для беларускіх актывістаў, дзеячаў культуры і прадпрымальнікаў».
Удзел лукашыстаў у вайне супраць Украіны на баку Расеі зменшыў сімпатыі да беларусаў. Тым не менш, лічбы гавораць пра захаванне ўстойлівай сімпатыі да беларусаў. Мяркуйце самі.
Пра ўлады, чытай, пра Лукашэнку:
53% палякаў адзначаюць, што ўлады Беларусі падтрымліваюць Расею, але самі ў вайне не ўдзельнічаюць;
34% палякаў уважаюць, што ўлады Беларусі цалкам падтрымліваюць Расею.
Для мяне асабіста больш важнае стаўленне не да ўладаў, а да ўласна беларусаў. З 2020 году мы памятаем, што беларусы і лукашысты – гэта розныя «расы», калі параўноўваць з фэнтэзійнымі творамі.
Чытаем вынікі:
Польшча і агулам Захад павінныя больш актыўна процідзейнічаць беларускаму рэжыму, падтрымліваючы беларускую дэмакратычную апазіцыю: 46% апытаных. Амаль палова.
І яшчэ бліжэй да паловы (цытую): «43% палякаў хацелі б падтрымкі прынамсі для тых беларускіх грамадзян, якія знайшлі ў Польшчы прытулак ад палітычных рэпрэсій, а 30% наогул хацелі б даць беларусам правы аналагічныя правам грамадзян ЕС» (канец цытаты).
І вось яшчэ лічбы для разважанняў. 25% палякаў мяркуюць, што Польшча не мусіць рабіць з беларусаў прывілеяваную групу людзей. 30% лічаць, што Польшча ў роўнай ступені мусіць падтрымліваць усіх беларусаў, якія жывуць у краіне. А цяпер увага – 43% апытаных палякаў перакананыя, што Польшча мусіць падтрымліваць толькі тых беларусаў, якія маюць палітычны пераслед.
У кожным разе Польшча застаецца той адзінай краінай, якая імкнецца зразумець, што адбываецца ў яе ўсходняй суседняй краіне.
Пра астатнія краіны можна ўжываць слова «фрагментарна», а пра Польшчу – цэласна.
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя