Адбыўся ўстаноўчы сход беластоцкай філіі Таварыства Беларускай Мовы
У беластоцкім хабе „Новая Зямля“ адбыўся ўстаноўчы сход беластоцкай філіі Таварыства Беларускай Мовы. У 2021 годзе гэтую найстарэйшую беларускую грамадскую арганізацыю пазбавілі рэгістрацыі і ліквідавалі. Беларусы, што выехалі за мяжу, ратуючыся ад пераследу, змеркавалі зарэгістраваць ТБМ у Польшчы. Арганізацыя ўжо зарэгістраваная ў Лодзі і цяпер пачаўся працэс стварэння філіяў у розных іншых гарадах. Старшынём Беластоцкай філіі ТБМ на сходзе быў абраны Зміцер Антончык:
— Пэўныя захады былі, бо я быў адным з арганізатараў стварэння беларускай бібліятэкі на базе хаба „Новая Зямля“. Думаю, што мы будзем пашыраць гэты кірунак, займаючыся папулярызацыяй беларускай літаратуры, прапагандай, што нашая бібліятэка ёсць, каб людзі прыходзілі, бралі кніжкі і абменьваліся думкамі наконт беларускай літаратуры. Гэта адзін з кірункаў, а далей будзем глядзець.
На сходзе было 14 чалавек, што і сталі першымі сябрамі Беластоцкай філіі Таварыства Беларускай Мовы. Акрамя старшыні філіі былі абраны два яго намеснікі, Рада арганізацыі і рэвізор суполкі.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя