Аляксандра Сасновіч выйшла ў другі круг Уімблдона
Беларуска ў двух сэтах адолела іспанку Нурыю Парызас-Дыяс з лікам 6:2, 6:1. Сумарна паядынак праходзіў 1 гадзіну і 13 хвілін.
-
Фота: btu.org.ua
Матч быў перапынены ўчора з-за наступу цемры. У другім крузе беларуска згуляе супраць дзявятай ракеткі планеты, чэшкі Петры Квітавай.
Зборная Беларусі па пляжным футболе святкавала другую перамогу ў кваліфікацыі ЧС
Зборная Беларусі па пляжным футболе святкавала другую перамогу ў адборавым турніры чэмпіянату свету па пляжным футболе ў Баку. У матчы 2-га тура папярэдняй групы D беларусы абыгралі каманду Даніі 8:2. У складзе пераможцаў чатыры разы вызначыўся Алег Гапон, па адным голе ў свой актыў запісалі Юрый Пятроўскі, Павел Стаскевіч, Яўген Новікаў і Арцемій Дрозд. У стартавым паядынку нашы спартоўцы выйгралі ў зборнай Турцыі з лікам 10:2. Заўтра ў апошнім матчы першага этапа падначаленыя Нікаласа Альварада сустрэнуцца са швейцарцамі.
„Тарпеда-БелАЗ” прыме менскае „Дынама” на старце 15-га тура чэмпіянату Беларусі
Два стартавыя паядынкі 15-га тура пройдуць сёння ў футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі. У першым з іх лідар першынства мінскае „Дынама” згуляе ў Жодзіне з футбалістамі „Тарпеда-БелАЗа”. На мінулым тыдні мінчане разграмілі бабруйскую „Белшыну” з лікам 7:2, а тарпедаўцы пацярпелі першую паразу, саступіўшы на выездзе „Мінску” – 0:1. У другім матчы БАТЭ на полі „Барысаў-Арэны” сустрэнецца з салігорскім „Шахцёрам”. У папярэднім туры абодва супернікі святкавалі вікторыі з аднолькавым лікам 1:0: барысаўчане адолелі ў Гародні мясцовы „Нёман”, а салігорская каманда перамагла на сваім полі „Слуцк”.
Мікіта Феакцістаў падоўжыў кантракт з „Сочы” на два гады
У мінулым сезоне форвард прыняў удзел у 53 матчах, у якіх набраў 16 (6+10) ачкоў пры сярэднім гульнявым часе 14 хвілін 3 секунды. Маючы адбыцца сезон стане для Мікіты Феакцістава чацвёртым у складзе „леапардаў”, за клуб ён правёў у агульнай складанасці 119 гульняў і запісаў у асабістую статыстыку 38 (13+25) ачкоў. У КХЛ нападнік згуляў 164 матчы і набраў 45 (17+28) ачкоў.
Беларускае Радыё Рацыя
