За паўгода ў Літву не дазволілі ўезд 800 беларусам
За паўгода ў Літву не дазволілі ўезд васьмістам беларусам і ста пяцідзесяці расейцам. Паведамляе агенцтва Delfi са спасылкай на старшыню Дэпартамента міграцыі Літвы Эвеліну Гудзінскайце. Літоўскія памежнікі палічылі, што яны ўяўляюць пагрозу для іх краіны.
Яшчэ ў пачатку года кіраўнік Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс казаў, што ў Літву з Беларусі ўязджалі не толькі тыя, каго праследавалі ўлады, але і агенты КДБ, а таксама людзі, завербаваныя беларускімі сілавікамі. Такую ж небяспеку ўлады Літвы бачаць і цяпер.
„Каля нашых межаў могуць з’явіцца ўзброеныя людзі з беларускім грамадзянствам, пад адзеннем якіх будуць хавацца тыя самыя вагнераўцы”, — гаварыў нядаўна прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Літва ўзмацняе ахову мяжы з Беларуссю і Расеяй, аднак падстаў для поўнага закрыцця мяжы пакуль няма, сказаў тыдзень таму міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс.