У Беларусі працягваюць пашыраць рэгуляванне коштаў і тарыфаў



З 1 лістапада ў краіне будуць рэгулявацца тарыфы на ўсе віды стаматалагічных паслуг. Гэта прадугледжана пастановай Саўміна, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. Сама пастанова пакуль яшчэ не апублікавана.

Цяпер рэгулююцца тарыфы на артапедычныя і зубатэхнічныя паслугі. У новай пастанове пад рэгуляванне трапляюць тэрапеўтычныя, хірургічныя, артадантычныя стаматалагічныя паслугі.

Золатавалютныя рэзервы зніжаюцца трэці месяц запар

Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі знізіліся за чэрвень на 80 мільёнаў 600 тысяч даляраў. Па стане на 1 ліпеня яны складаюць 7 мільярдаў 79 мільёнаў даляраў, паведамляе Нацыянальны банк. ЗВР зніжаюцца трэці месяц запар. У траўні яны ўпалі на 96 мільёнаў даляраў. Цяпер Нацбанк не раскрывае, якім чынам растуць ці змяншаюцца рэзервы. Ужо амаль год гэтая статыстыка засакрэчаная. Згодна з планамі ўладаў, на канец года ЗВР павінны складаць не менш за 6 мільярдаў даляраў.

Дзякуючы кітайскаму аўтапраму ў Беларусі пачалі расці продажы новых аўтамабіляў

За першыя 6 месяцаў года ў Беларусі было прададзена амаль на чвэрць машын менш (мінус 23,5%), чым за аналагічны перыяд летась, падлічылі ў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі. Дылеры здолелі рэалізаваць за гэтыя паўгода 8046 аўтамабіляў. Пры гэтым больш за 2 тысячы аўтамабіляў было прададзена ў чэрвені. І гэта на 24%, больш чым у траўні. Там таксама кажуць аб яшчэ адной станоўчай тэндэнцыі: больш стала прапанова, на рынку з’явіліся новыя маркі і мадэлі.

„Калі ў канцы восені 2022 года колькасць прадаваных мадэляў была менш за 30, то зараз перавышае 40”, — адзначылі ў БАА. Пры гэтым там нагадалі, што да сыходу аўтабрэндаў з беларускага рынку беларусы маглі выбіраць з 60 мадэляў. Пры гэтым часцей за ўсё набываюць аўтамабілі брэнда Geely. Яго доля на рынку трымаецца на узроўні 79% на працягу ўсяго другога квартала. Гэта кітайскі брэнд, але аўтамабілі збіраюцца на беларускай пляцоўцы.

У Беларусі ў чэрвені фізічныя асобы заставаліся чыстымі прадаўцамі замежнай валюты

Па выніках месяца яны прадалі на 39 мільёнаў 700 тысяч  больш, чым купілі. Агульны аб’ём набытай фізічнымі асобамі наяўнай і безнаяўнай замежнай валюты ў чэрвені склаў 825,5 мільёнаў даляраў, прададзенай — 865 мільёнаў 200.

Беларускае Радыё Рацыя