Азаранка і Сабаленка выйшлі ў 1/8 фіналу Уімблдона
20-ы нумар сусветнага рэйтынгу беларуска Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу Уімблдонскага турніру. У матчы трэцяга раўнда экс-першая ракетка планеты перайграла ў дзвюх партыях расейскую тэнісістку Дар’ю Касаткіну – 6:2, 6:4. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 15 хвілін. Таксама свае паядынкі правялі яшчэ дзве беларускія тэнісісткі. Другі нумар сусветнага рэйтынгу Арына Сабаленка з вялікай цяжкасцю перайграла ў трохсэтавым матчы прадстаўніцу Францыі Варвару Грачову – 2:6, 7:5, 6:2. А вось Аляксандра Сасновіч саступіла чэшцы Петры Квітавай – 2:6, 2:6.
Футбалісты „Нёмана” разграмілі „Нафтан”
Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” разграмілі наваполацкі „Нафтан” і дагналі менскае „Дынама” у турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Матч у Наваполацку пачаўся з атак гасцей і ўжо на 10-й хвіліне іх лідар Павел Савіцкі адкрыў лік. Пасля перапынку падначаленыя Ігара Кавалевіча яшчэ двойчы забілі гаспадарам поля 3:0. Таксама „Славія” і „Энергетык”-БДУ разышліся мірам 0:0.
Максім Бардачоў пакінуў БАТЭ
Пра гэта паведаміла прэс-служба клуба. Максім Бардачоў выступаў за барысаўскі клуб з 2009 да сярэдзіны 2013 года. Ён дапамог клубу пяць разоў выйграць чэмпіянат Беларусі і аднойчы Кубак краіны. Таксама БАТЭ з Бардачовым удзельнічаў у Лізе Еўропы і Лізе чэмпіёнаў. У ліпені 2021 года гулец вярнуўся ў склад барысаўскага клуба. На рахунку Бардачова 224 матчы за „жоўта-сініх” ва ўсіх турнірах. У яго скарбонцы восем галоў і 16 выніковых перадач. Апрача БАТЭ, ён выступаў за „Нёман”, „Шахцёр” і „Тарпеда”-БелАЗ.
Зборная Беларусі па пляжным футболе перамагла швейцарцаў у кваліфікацыі ЧС
Зборная Беларусі па пляжным футболе пераможна завяршыла першы этап адборавага турніру чэмпіянату свету па пляжным футболе ў Баку.
У заключным паядынку папярэдняй групы D беларускія падначаленыя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада ва ўпартай барацьбе перайгралі каманду Швейцарыі з лікам 9:6. Падчас гэтай сустрэчы беларусы некалькі разоў саступалі супернікам з розніцай у тры мячы, але ў выніку здолелі вырваць перамогу. У барацьбе за пуцёўку ў фінальную частку сусветнага першынства зборная Беларусі будзе супернічаць з камандай Францыі, якая ў сваім апошнім паядынку групы С выйграла ў немцаў з мінімальнай перавагай – 3:2.
Беларускае Радыё Рацыя